разрыда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць моцна рыдаць; зарыдаць. «Толькі б не разрыдацца, толькі б не ўпасці», — шапталі ледзь чутна збялелыя вусны, і .. [маці] ішла, ішла. Сачанка. — Мабыць, ад усяго разам — ад крыўды, абразы, ад біцця гэтага — сама, там жа, у кабінеце, істэрычна разрыдалася, ніколі ў мяне такой істэрыкі не было. Шамякін.
разрысава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разрысаваць.
разрысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
1. Нанесці рысункі, узоры (звычайна алоўкам, пяром) на што‑н., распісаць. Разрысаваць плафон залы.
2. перан. Разм. Прадставіць у якім‑н. выглядзе; размаляваць. Разрысаваць гультая ў газеце.
разрысо́ўвацца, ‑аецца.
1. Незак. да разрысавацца.
2. Зал. да разрысоўваць.
разрысо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разрысаваць.
разрысо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разрысоўваць — разрысаваць.
разры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разрыць.
2. у знач. прым. Раскіданы, развернуты рыццём. Праз колькі хвілін выбраўся на сцежку, абышоў па арэшніку разрыты бераг і наблізіўся да ракі з другога боку. Чыгрынаў.
разры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца 1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).
2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.
3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.
•••
Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.
разры́ўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.
Перапынак, перадышка ў якой‑н. рабоце, занятку; аддушына. Усе гэтыя часы .. [Зося] не спускала з сваіх вачэй дзіця, часта з ім гаварыла і знаходзіла разрыўку ў бесперапыннай рабоце. Чорны. «Нельга так бедаваць, як .. [Каспар], — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей..» Броўка.
разрыўны́, ‑ая, ‑ое.
Які разрываецца ад удару. Разрыўны зарад. □ Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правую руку. Брыль.