Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

шыпо́ўкі, ‑повак; адз. шыпоўка, ‑і, ДМ ‑поўцы; ж.

Спартыўны абутак з шыпамі (выступамі) на падэшве для лёгкаатлетаў, бегуноў.

шыпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Іголкі, ігліца ў хваёвых раслін. Пад адной магутнай елкай я знаходжу зручнае месца, каб адпачыць, зграбаю вялікую кучу прэлай шыпулькі і саджуся на яе, нібы на падушку. Хомчанка. — На паўвяршка выцягнуліся, — сказала.. [Васіліна], кратаючы пальцамі маладыя шыпулькі ялінак. Савіцкі. Самая-самая верхавінка маладой сасонкі падобна на вожыка. Вострыя шыпулькі тырчаць угору. Бяспалы.

шыпу́н ​1, ‑а, м.

1. Від лебедзя з чырвона-чорнай дзюбай і моцна выгнутай шыяй, які жыве па лесастэпавых азёрах; птушка атрада гусепадобных. Буслы.. з цікавасцю разглядалі шыпуна і не саступалі з месца. Пальчэўскі.

2. Разм. Той, хто шыпіць (у 4 знач.).

шыпу́н ​2, ‑у, м.

Спец. Густы накіп пры плаўцы чыгуну.

шыпу́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць шыпучага.

шыпу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм. Шыпучы напітак. Піць шыпучку.

шыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае шыпенне. Шыпучая змяя. □ А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Брыль. Як гаварыў [мужчына], дык праз зубы ішоў у яго шыпучы свіст. Чорны. // Які шыпіць ад выдзялення вуглякіслага газу (пра напіткі). Я выпіў шыпучай вады, уголас падбадзёрыў сябе: — Нічога, перажывём... Пінчук.

шыпшы́на, ‑ы, ж.

Расліна сямейства ружакветных, з простымі, не махровымі кветкамі і са сцяблом, пакрытым калючкамі; дзікая ружа. Паўз дарогу раз-пораз мільгалі дрэвы, адзінокія кусты дзікай шыпшыны, усыпанай пяшчотнымі ружовымі кветкамі. Краўчанка. // Плады такой расліны. Настой з шыпшыны.

[З польск. szypszyna.]

шыпшы́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыпшыны. То ён [Віцька].. калючага дзядоўніку назапускаў дзяўчынцы ў валасы, то шыпшынавых зярнятак пасылаў за шыю. Кулакоўскі.

шыпшы́ннік, ‑у, м., зб.

Кусты, зараснік шыпшыны. На полі ўсюды рос ячмень, а на поплаўчыку многа было чубоў густога шыпшынніку. Чорны.

шыпя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. З шыпеннем.

2. Шумны шчылінны пярэднеязычны зычны гук, пры вымаўленні якога язык прымае лыжкападобную форму. Калі ж заднеязычныя асновы г, к чаргуюцца з шыпячымі ж, ч, то ў клічнай форме такія назоўнікі заканчваюцца галосным а. Граматыка. / у знач. наз. шыпя́чыя, ‑ых. — Не расіла, — пасміхаецца Надзя: яна не выгаворвае шыпячых. Васілевіч.