Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хрысці́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да абраду хрышчэння. Хрысцільная кашуля.

хрысці́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрысцін.

хрысці́ны, ‑цін; адз. няма.

Хрысціянскі і абрад хрышчэння, а таксама пачастунак пасля хрышчэння. Там [у кадубку] два пярсцёнкі, крыжык медны, здабыты сыну ў час хрысцін. Колас. [Брыгадзір:] — Скупы і строгі быў наш поп Васіль.. Беднякоў як ліпку абдзіраў: то за радзіны, то за хрысціны, то за хаўтуры — за ўсё лупіў, як хацеў. Якімовіч.

хрысці́цель, ‑я, м.

Той, хто правёў хрышчэнне.

хрысці́цца, хрышчуся, хрысцішся, хрысціцца; незак.

1. таксама зак. Падвяргацца (падвергнуцца) абраду хрышчэння. [Лапінка:] — Чакаюць яны [баптысты], чакаюць, пакуль я паверу ды хрысціцца пайду. Брыль. Дзе радзіўся? — У сваёй вёсцы. Дзе хрысціўся? — Пры дарожцы. Купала.

2. Хрысціць (у 3 знач.) сябе. [Глушак] яшчэ слабымі, дрыготкімі рукамі хрысціўся, жагнаўся, аддана шаптаў малітвы. Мележ. Ранкам і ўвечары кожны дзень стары.. доўга гаворыць малітвы, доўга хрысціцца сваёй жорсткай далонню ў сухіх мазалях. Пестрак.

хрысці́ць, хрышчу, хрысціш, хрысціць; незак., каго-што.

1. Спраўляць над кім‑н. царкоўны абрад хрышчэння. Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Лужанін. Як толькі Алімпа трохі акрыяла пасля родаў, маці захадзілася хрысціць у папа дзіця. Сабаленка.

2. Быць хросным бацькам або хроснай маці.

3. Рабіць знак крыжа (у 2 знач.) над кім‑, чым‑н. Як зірнулі [бабкі] на труну, напалохаліся.. Пачалі ілбы хрысціць ды галасіць. Лынькоў. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата і сястру. Шамякін.

4. Разм. Даваць мянушку. [Ларывон] апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай. Мележ. // Лаяць, абзываць. Глянуў стары на пустую раёўню, прынесеную пчалаводам, і раптам зноў пачаў хрысціць Юрку ўсякімі словамі. Кулакоўскі.

5. Разм. Біць, хвастаць. Я спытаўся: «І Хрысціна цябе б’е?» «Кожны дзень хрысціць, ратунку ніякага няма», — адказаў хлопчык і ўнурыў галаву. Гурскі. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі.

•••

Не дзяцей хрысціць каму з кім — не мець інтарэсу да каго‑н., не жадаць мець справы з кім‑н.

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

хрысціянізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад хрысціянізаваць.

2. у знач. прым. Падвергнуты хрысціянізацыі. Такім чынам, у некалькі хрысціянізаванай афарбоўцы ў купальскую паэзію ўваходзіў матыў земляробчай працы, сугучны па паэтычнаму малюнку таму, як ён гучаў ужо ў валачобных песнях. Ліс.

хрысціянізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Кніжн. Падвергнуць (падвяргаць) хрысціянізацыі.

хрысціяніза́цыя, ‑і, ж.

Кніжн.

1. Пераварочванне ў хрысціянства, распаўсюджанне дзе‑н. хрысціянства. Хрысціянізацыя народаў Сібіры.

2. Наданне чаму‑н. характару, які адпавядае патрабаванням хрысціянскай рэлігіі. Хрысціянізацыя язычніцкіх абрадаў.

хрысція́нін, ‑а; мн. хрысціяне, ‑ян; м.

Паслядоўнік хрысціянскай рэлігіі. Як шчыры хрысціянін, Гусоўскі адхрышчваецца ад небяспечнай спакусы. «Полымя».