Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

увасьмяры́х, прысл.

Колькасцю ў восем асоб (рознага полу) або істот (ніякага роду).

уватка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уваткаць.

уватка́ць, уватку, уватчэш, уватчэ; уватчом, уватчаце, уваткуць; пр. уваткаў, ‑ткала; зак., што.

Тое, што і уткаць.

уваткну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уваткнуць.

уваткну́цца, уваткнуся, уваткнешся, уваткнецца; уваткнёмся, уваткняцеся; пр. уваткнуўся, ‑ткнулася; зак.

Разм. Тое, што і уткнуцца (у 1–3, 5 знач.). Некалькі куль з гулам уваткнулася ў зямлю. Чорны. Хто ўваткнуўся ў газету ці кнігу, хто проста драмаў. Жычка.

уваткну́ць, уваткну, уваткнеш, уваткне; уваткнём, уваткняце; пр. уваткнуў, ‑ткнула; зак., што.

Тое, што і уткнуць у (1, 2 знач.). Дома, у сенцах старое хаты,.. маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Брыль. [Грышка] пачаў .. [начлежнікам] падпяваць, уваткyуўшы твар у каўнер кажуха. Чарот.

•••

Уваткнуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Уваткнуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

увахо́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. уваходзіць — увайсці (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, праз якое ўваходзяць куды‑н. Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору. Шыцік. Кожная палата мела свой уваход і выхад. Якімовіч. На шпітальным двары было цёмна, гарэла некалькі ліхтароў толькі над уваходам у будынак. Чорны.

увахо́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уваходзіць — увайсці.

увахо́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

Разм. Урачыстая гулянка з выпадку перасялення на новае месца, у новае жылое памяшканне. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. Заўтра тут расставяць сталы і лаўкі, і напоўніцца хата шумам-гоманам вясёлых уваходзін. Ус.

увахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць.

Незак. да увайсці (у 1–5 знач.)