Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блука́льнік, ‑а, м.

Той, хто многа блукае.

блука́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. блукаць.

блука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязмэтна хадзіць, гуляць. Блукаць па лесе. Блукаць па пакоях. □ За сялом, за гарой, Ад змяркання блукаю да раніцы. Гілевіч. З гадзіну блукалі мы па вуліцы, прыглядаючыся к сотням машын, што стаялі ля тратуара. Лынькоў. // Перамяшчацца, знаходзіцца ў руху, узнікаць і прападаць. Блукаюць цені. На вуснах блукала ўсмешка. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак. Наперадзе, недзе далёка, блукалі невядомыя агні. Лупсякоў.

2. Пераходзіць, пераязджаць з месца на месца ў пошуках каго‑, чаго‑н. Блукаць па свеце. □ Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. Міцю маркотна. Ні разу сёлета не блукаў па грыбовішчах. Навуменка. [Мужчыны] доўга блукалі па балоце, абрасіліся наскрозь і, мокрыя, стаялі цяпер у нерашучасці. Пальчэўскі.

3. перан. Пераходзіць з аднаго прадмета на другі, не спыняючыся на чым‑н. (пра погляд, вочы, думкі). Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны.

блука́ючы, ‑ая, ‑ае.

У выразах: блукаючая нырка гл. нырка. Блукаючы нерв гл. нерв. Блукаючыя агні гл. агонь. Блукаючыя зоркі гл. зорка. Блукаючыя токі гл. ток.

блуклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва блуканне. Сінечу летняга неба плямілі блуклівыя хмаркі. Сабаленка.

блы́танасць, ‑і, ж.

Уласцівасць блытанага. Зяцевы разважанні пра палітыку здзіўлялі наіўнай прымітыўнасцю і блытанасцю. Шамякін.

блы́танік, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які дрэнна ў чым‑н. разбіраецца, блытае факты.

блытані́на, ‑ы, ж.

Якая‑н. няправільнасць, няяснасць, якое‑н. непаразуменне. Блытаніна ў вылічэннях. // Што‑н. заблытанае, хаатычна размешчанае. І адразу ж [брыгадзір] нырнуў некуды ў бок, знік за блытанінай груб, жалезабетонных слупоў, сталёвых фермаў, нейкіх вялізных у тры паверхі катлоў. Краўчанка.

блы́танне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. блытацца, блытаць.

блы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Бязладна пераплецены, заблытаны. Блытаныя сляды. □ Ніжэй павуцінне плыве доўгімі блытанымі ніткамі. Алешка. Яшчэ на сцежках блытаных Стаяць іх [партызанаў] буданы. Хведаровіч. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра крокі, хаду). Блытаныя крокі.

2. У якім цяжка разабрацца, няясны, недакладны, супярэчлівы. Блытаная справа. Блытаныя паказанні. □ Прамова Лабановіча была наўперад крыху блытаная, словы неяк не слухалі яго, і язык варочаўся не так, як належыць. Колас. Хлопцы недаўменна слухалі блытанае Казікава апавяданне і не зусім разумелі яго. Чарнышэвіч.