Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шылахво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Дзікая качка з доўгім шылападобным хвастом.

шы́лінг, ‑а, м.

1. Англійская манета, роўная 1/20 фунта стэрлінгаў; грашовая адзінка адпаведнай вартасці.

2. Грашовая адзінка Аўстрыі, роўная 100 аўстрыйскім грошам.

[Англ. shilling.]

шы́льда, ‑ы, М ‑дзе, ж.

Дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства і пад.; вывеска. Ходзячы каля прыстанцыйных будынкаў, заўважыў [Анатоль] на адным з іх шыльду «Пошта», зайшоў туды. Пальчэўскі. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман; знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. // перан. Знешні, паказны бок каго‑, чаго‑н. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала. Колас. Лозунг беспартыйнасці быў для.. [буржуазіі] толькі шыльдай, якой яна крывадушна прыкрывала сваю контррэвалюцыйную сутнасць. Івашын.

шы́льдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыльды. Шыльдавы надпіс.

шы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шыла. Шыльнае дзяржальна.

шы́льца, ‑а, н.

Разм. Памянш.-ласк. да шыла. Камячок зачараваны, Ножкі — дроцік, дзюбка — шыльца... Па свісточку захавана У кожнай пер’інцы і жылцы! Лось.

шы́мі, нескл., м.

1. Англійскі бальны танец, разнавіднасць факстрота.

2. Спец. Самаваганне насавога кола трохколавага шасі самалёта на руленні, разбегу і прабегу.

3. Спец. Інтэнсіўны вагальны працэс у сістэме кіруемых колаў і пярэдняй падвескі аўтамабіля.

[Англ. shimmy.]

шымо́за, ‑ы, ж.

Выбуховае рэчыва ў выглядзе шчыльнай дробназярністай масы, якое выкарыстоўвалася для артылерыйскіх снарадаў, гранат і іншых боепрыпасаў. // Снарад, граната з такім рэчывам.

шымпанзэ́, нескл., м.

Чалавекападобная малпа, якая жыве ў лясах трапічнай Афрыкі.

шы́на, ‑ы, ж.

1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.

2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.

4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.

[Ням. Schiene.]