шыка́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Раскошны, багаты, пышны. Шыкарнае ўбранне. □ А колькі тых гасцініц на самую розную цану, вельмі вялікіх і шыкарных і самых скромных і даступных! Гарэцкі. — Вуліца міру.. Самая шыкарная вуліца Парыжа... Мележ. Амаль на кожнай старонцы [часопіса] — шыкарныя легкавыя аўтамабілі. Каваленка. // Які мае элегантны, фарсісты выгляд (пра людзей). Адно толькі моладзь — паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства з’яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе. Колас.
2. Надзвычай добры; вельмі прыгожы; цудоўны. Удзень ідзе .. [Алена] ў вёсачку, а адтуль варочаецца пад вечар з шыкарным букетам кветак. Колас.
шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.
2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.
3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.
шы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да шыкаць.
шыко́зны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і шыкарны. На ўвесь клуб танцуе толькі яна [Лора] адна з такім шыкозным.. кавалерам. Вітка. Уся важнасць і ўся Сцёпкава цвёрдасць адразу прападаюць. А як пабачыў яшчэ такую шыкозную кнігу, дык і зусім уладу над сабою страціў. Колас.
шыко́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шыкоўнага. Але калі заходзіла сонца, уся шыкоўнасць гублялася: Чымган рабіўся пануры, як стары сівы дзед. Лужанін.
шыко́ўны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і шыкарны. Засталася ў.. [Матруны] шыкоўная новая хата, багаты сад,.. сядзіба аж на пяцьдзесят сотак. Марціновіч. Бліскучы і шыкоўны хлопец гэты. Ды што з таго? — Лайдак адпеты. Корбан. А тут такая шыкоўная студня на адну сям’ю! Ус.
шы́ла, ‑а, н.
Інструмент у выглядзе завостранага металічнага стрыжня з дзяржальнам для праколвання дзірак, які ўжываецца ў шавецкай і рымарскай справе. Бацьку абрыдлі дратва, шыла і малаток, яго рукі засумавалі па плузе і касе, а сэрца рвалася на лясное прыволле. С. Александровіч. Усе майстры з усяго царства з’явіліся ў сталіцу — .. сталяры з піламі, шаўцы з шыламі... Якімовіч.
•••
Хапіць шылам кашы (патакі) гл. хапіць.
шылава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае востры, завостраны канец, верх. — Го! Падмога прыйшла! — схаваў у шылаватых вусах усмешку дзядзька Тодар. — Гэта добра, што вы самі, без брыгадзіравага нараду, з’явіліся. Даніленка. І вось ужо вёска. Шылаватыя чарапічныя дахі; вішні белыя і яблыні ў пеністай ружовай квецені. Ракітны.
шыладзю́б, ‑а, м.
Птушка сямейства ржанкавых з доўгай, тонкай, закручанай угору дзюбай.
шылападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які сваім знешнім выглядам, формай нагадвае шыла. Шылападобная дзюба.