Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разняшча́сны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і няшчасны, але з узмацненнем. — Кім я быў усё жыццё? Вы скажаце — касірам. Правільна. Але якім касірам? Няшчасным, вось якім, проста самым разняшчасным. Ці спытаў у мяне хто калі: а ці падабаецца вам, Сцяпан Гаўрылавіч Кудзеля, быць касірам? Не, ніхто не спытаў. Васілёнак.

разо́к, ‑зка і ра́зік, ‑а, м.

Разм. Памянш.-ласк. да раз (у 1, 2 знач.). Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін. Мікітку Адамавага яна ўжо разок бачыла. Радкі два было тады яму. Ракітны. Шапнуў ён: «Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь!» Яму з дакорам я прамовіла: «Адстань!» Колас.

разо́ра, ‑ы, ж.

1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.

2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.

3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.

разо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш. да разора; невялікая разора. Звяруга па разорцы ў градах накіраваўся проста да свірка. Дамашэвіч. Цяпер дзяўчаты, відаць, адразу заўважаюць .. [Андрэеву] сівізну, прыпухліны пад вачамі і дзве глыбокія разоркі, што ляглі каля губ. Грахоўскі.

разо́рына, ‑ы, ж.

Разм. Асобная разора. Раўнавага была ўжо страчана, і .. [Чубар] паляцеў паміж разорын, хапаючыся рукамі за слізкі бульбоўнік. Чыгрынаў.

разо́рысты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю разор. А ўдаль, направа і налева, цягнуцца вузкія палоскі — камяністыя, разорыстыя. Пестрак.

разрабава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разрабаваць.

разрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

Рабуючы, расцягнуць, раскрасці; разграбіць. Домік [Элізы Ажэшкі] у Гродне цудам уцалеў у часе вайны, але экспазіцыю музея фашысты разрабавалі дашчэнту. «Помнікі». // Рабуючы, спустошыць; абрабаваць. Фашысты знішчылі і школу, і сельсавет, разрабавалі калгасы. Дубоўка.

разрабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак.

1. Увайсці ў работу; разахвоціцца рабіць.

2. Пабыўшы ў дзеянні, ва ўжытку, пачаць дзейнічаць добра. Утулка разрабілася.

3. Разм. Паправіцца, патаўсцець. — І Алімпа была танклявая, — кажа адзін касец, — а як пайшла за Пунктовіча, глядзі, як разрабілася. Мурашка.

разрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Апрацаваўшы, падрыхтаваць для выкарыстання, зрабіць прыгодным на што‑н., для чаго‑н. Прыйшлі на карчы, на імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі. Скрыган.

2. Расшырыць шляхам апрацоўкі. Разрабіць дзірку.