Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разняво́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разняволіць.

2. у знач. прым. Які дзейнічае, жыве, існуе без прымусу, без прыгнёту; вольны. Разняволеная праца. □ Пяюць гарады і багатыя сёлы, І лад разняволены, дужы й вясёлы. Глебка.

разняво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Збавіцца ад няволі, прыгнёту, прымусу; стаць вольным.

разняво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Збавіць ад няволі, прыгнёту, прымусу; даць волю. Калгасны лад разняволіць асобу чалавека, вызваліць яе ад індывідуалістычных імкненняў — сцвярджае [Чорны ў аповесці «Лявон Бушмар»]. Луфераў.

разняво́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разняволіцца.

2. Зал. да разнявольваць.

разняво́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разняволіць.

разняго́джвацца, ‑аецца.

Незак. да разнягодзіцца.

разняго́дзіцца, ‑дзіцца; безас. зак.

Разм. Пра наступленне непагоды, нягоды. Вось нечакана разнягодзілася, пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка.

разня́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разняць.

разня́цца, ‑німецца; зак.

1. Аддзяліцца, адарвацца адзін ад другога; раз’яднацца. Пальцы Лёдзіны неўзабаве разняліся. Яна выпусціла Юркавы валасы. Карпаў. Гаспадыня перавяла позірк на акно, за якім ліў дождж, і вусны яе разняліся. — Добры дзень! Лупсякоў.

2. Раскінуцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; распасцерціся. Дарога вывела іх .. пад самую хату Канцавенькага, над якой разнялася выносістая ралаватая старадрэвіна. Арочка.

разня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.

1. Аддзяліць адно ад другога; раз’яднаць, раскрыць што‑н. самкнутае, сашчэпленае. Разняць пальцы. Разняць павекі. □ Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. — Мам, паглядзі, што я знайшоў, — урачыста паведаміў.. [Юрка] і разняў кулачок, у якім была заціснута божая кароўка. Карпаў.

2. Развесці ў бакі тых, хто б’ецца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. П’яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Брыль.

3. Раз’яднаць, разабраць на часткі. [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. Караткевіч.