Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шы́беніца, ‑ы, ж.

Прылада для пакарання смерцю, зробленая з двух слупоў з перакладзінай. На першай вуліцы стаяла шыбеніца і на ёй вісеў труп павешанага чалавека. Чорны. Фашысты, спяшаючыся, ставілі шыбеніцы. Лынькоў. // Пакаранне смерцю на такой прыладзе. — Забіў [манах] чалавека, з чыёю жонкаю меў сувязь. Гэта пахла шыбеніцай. Чарнышэвіч. На ўсіх слупах у вёсцы віселі загады акупантаў: за дапамогу ваеннапалонным — шыбеніца. Жычка.

шы́бер 1, ‑а, м.

Спец. Засаўка, засланка ў дымаходах заводскіх пячэй, нацельных установак, у газаправодах і пад.

[Ням. Schieber.]

шы́бер 2, ‑а, м.

У капіталістычных краінах — буйны гандляр.

[Ням. Schieber.]

шы́біна, ‑ы, ж.

Тое, што і шыба. Бразнула на падаконнік шкло, зазвінела на падлозе пад сталом — нехта высадзіў шыбіну ў падвойным акне. Пташнікаў.

шы́бкасць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць шыбкага.

шы́бкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Хуткі, імклівы, скоры. [Людзі] шыбкім крокам пусціліся да агню. Бядуля. Шкроб на шыбкім кані сваім вечарам хмарным прыскакаў у павет. Куляшоў.

шыбну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Тое, што і шыбануць.

шы́варат, ‑а, М ‑раце, м.

Разм. Каўнер. Максім засмяяўся сухім смехам ды ўзяў старасту за шыварат... Каваль.

•••

Шыварат-навыварат — не так, як трэба; наадварот.

шыво́к, шыўка, м.

Частка шва, якая знаходзіцца паміж двума праколамі іголкі. Цётка Насця, хутка сцелючы шывок за шыўком, заклапочана гаворыць. Палтаран.

шы́галле, ‑я, н., зб.

Абл. Ігліца. Хоць дождж і ў лесе вымачыў зямлю, але пад шатамі вялікіх дрэў было не мокра, прынамсі, шыгалле, якое ляжала тут скрозь, заставалася амаль сухое. Чыгрынаў.

шыдэ́лак, ‑лка, м.

Разм. Кручок для вязання.

[Польск. szydełko.]