Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

го́ладна,

1. Прысл. да галодны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра галодны стан, адчуванне голаду кім‑н. Было страшна, голадна, але Анатоль ніколі не хныксіў, ніколі не наракаў на цяжкасці. Асіпенка.

голанасе́нныя, ‑ых.

Тып вышэйшых раслін, насенне якіх размешчана на адкрытых пладалісціках, а не ў пладовых абалонках.

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

голасавядзе́нне, ‑я, н.

Майстэрства спалучэння двух або некалькіх галасоў (у 2 знач.) у адно сугучнае цэлае.

го́ласна, прысл.

Уголас, не шэптам. Голасна чытаць. // Гучна, моцна. Малатарня гула, і таму гаварыць прыйшлося ненатуральна голасна. Шамякін.

го́ласны, ‑ая, ‑ае.

Гучны, звонкі. Мэра ад голаснага плачу пераходзіць да ціхага ўсхліпвання і туліцца да Крушынскага. Бядуля.

го́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад галіць.

2. у знач. прым. Са збрытымі валасамі. У кудлатага папа і ў голенага ксяндза адна праўда. Прыказка.

го́лле,

гл. галлё.

го́ллейка, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да галлё.

го́луб, ‑а; мн. галубы, ‑оў; м.

1. Дзікая або паўсвойская птушка, звычайна з шызым ці белым пер’ем (водзіцца амаль ва ўсіх краінах свету). Лясны голуб. Паштовыя галубы. Разводзіць галубоў.

2. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме голубе). Разм. Ласкавая назва мужчыны. — Мартыне, мой голубе! вырваўся ты з панскай няволі. Колас. А мой міленькі, голуб сізенькі, коніка сядлае. З нар.

•••

Голуб міру — малюнак белага голуба як сімвал міру.