Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разная́касны, ‑ая, ‑ае.

1. Неаднолькавы па якасці з другім (другімі). Разнаякасныя прадукты.

2. Неаднародны па якасці. Разнаякасная глеба.

разнервава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць разнерваванага.

разнервава́ны, ‑ая, ‑ае.

Нервова ўзбуджаны, расхваляваны. [Сцяпан Рыгоравіч] і сёння з работы вярнуўся сярдзіты, разнерваваны. «Маладосць».

разнервава́цца, ‑нервуюся, ‑нервуешся, ‑нервуецца; зак.

Прыйсці ў нервовы, узбуджаны стан; расхвалявацца. [Наўмыснік] ніколі не траціў спакойнай вытрыманасці, а цяпер так растрывожыўся і разнерваваўся. Чорны.

разне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разнесці.

разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.

1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе. Ермаловіч. Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне. Пташнікаў. // Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу. // і без дап. Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску. С. Александровіч. На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку. Быкаў.

2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.

3. Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні. Корбан.

4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе. Ляўданскі. Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс. М. Стральцоў.

5. Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі. Быкаў. Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі. Васілевіч. / у безас. ужыв. — Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп. Кулакоўскі. // Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Караткевіч. / у безас. ужыв. Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк. // Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. Шамякін.

7. безас. Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку. Валасевіч. // Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла... Зуб.

разне́сціся, ‑нясецца; пр. разнёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Распаўсюдзіцца, пашырыцца. А на другі дзень слава аб .. [Сцёпавай] кнізе разнеслася на ўвесь атрад. Якімовіч. Неяк з самага рання ў нядзелю разнеслася чутка, што вярнуўся з фронту Уладыслаў Барэйка. Скрыган.

2. Прагучаць, стаць чутным на далёкую адлегласць. Раман адышоўся на загон, падняў з зямлі брусок і паляпаў па касе. Сухі звон разнёсся па кустах. Пташнікаў. Якаясь гармата, пэўна з тылу белафінаў, паслала сюды некалькі снарадаў. «Па машынах!» — разнеслася каманда. Беразняк.

3. перан. Хутка разысціся па чым‑н., у чым‑н. Па ўсяму целу маланкава разнеслася пякучая, затуманьваючая мозг гарачыня. М. Ткачоў.

разні́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разнізаць.

разніза́цца, ‑ніжацца; зак.

Зняцца, спусціцца (пра што‑н. нанізанае).

разніза́ць, ‑нізку, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., што.

Зняць нанізанае. Разнізаць пацеркі.