накла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. наклаў, ‑клала; заг. накладзі; зак.
1. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Накласці воз дроў. □ Баласпай наклаў у .. люльку новую порцыю тытуню, доўга ўмінаў яго цёмным пальцам з прыпухлымі вугламі на суставах. Беразняк. // Палажыць пэўную колькасць чаго‑н. Бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас. Палажыў.. [Сцёпка кнігу] у кучу, дастаў другую, трэцюю, наклаў так цэлы стос. Пальчэўскі.
2. Тое, што і налажыць 1 (у 2–4 і 6 знач.). Антон Харытонавіч змазаў ёдам раны, наклаў павязкі. Сіняўскі. Вайна наклала свой адбітак на ўсё жыццё горада і нават на яго выгляд. Дудо. [Ірына Мікалаеўна:] — Хворых ізалявалі. На вёскі, дзе ачагі тыфу, наклалі каранцін. М. Ткачоў. — Я накладу на вас штраф, пан упраўляючы, — ледзь пераступіўшы парог, выпаліла Алаіза. Арабей.
3. чаго. Развесці (пра агонь). Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. А ноч рассыпала каралі Над гмахам сцішанай зямлі. Колас.
4. Разм. груб. Набіць каго‑н. [Халуста:] — Ліха матары яго! Яшчэ [Сямён] дагоніць ды па шыі накладзе. Чарнышэвіч.
•••
Накласці на сябе рукі — тое, што і налажыць на сябе рукі (гл. налажыць).
накле́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наклеіць.
накле́іцца, ‑клеіцца; зак.
Прыліпнуць, прыклеіцца пры дапамозе клею. Маркі добра наклеіліся.
накле́іць, ‑клею, ‑клеіш, ‑клеіць; зак., што і чаго.
1. Прымацаваць што‑н. пры дапамозе клею. Наклеіць марку на канверт. Наклеіць афішу.
2. Зрабіць пры дапамозе клею. Наклеіць канвертаў. Наклеіць цацак з паперы.
накле́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. наклейваць — наклеіць.
накле́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да наклеіцца.
2. Зал. да наклейваць.
накле́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наклеіць.
накле́йка, ‑і, ДМ ‑клейцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. наклеіць.
2. Этыкетка, ярлык і пад., якія наклеены на што‑н. Фабрычная наклейка. Чамадан з наклейкамі.
наклеймава́ць, ‑кляймую, ‑кляймуеш, ‑кляймуе; зак., каго-што.
Наставіць клеймаў на што‑н. Наклеймаваць тавараў.
накле́йны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які наклейваецца. Наклейны нос клоуна.