Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́лас, ‑а і ‑у; мн. валасы, ‑оў; м.

1. ‑а. Рагавое ніткападобнае валакно на скуры чалавека і жывёл. Сівы волас. // толькі мн. Расліннасць на галаве чалавека; шавялюра. Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас.

2. ‑у, зб. Такое валакно з конскага хваста або грывы, якое ўжываецца для розных тэхнічных патрэб. Конскі волас.

•••

Валасы (сталі) дыбарам — пра пачуццё жаху, вялікага страху, зведанага кім‑н.

Волас з галавы не ўпаў — застацца некранутым, не панесці страты; не панесці ніякага пакарання.

Волас у волас — такія падобныя адзін на аднаго, што цяжка адрозніць.

Дажыць да сівых валасоў гл. дажыць.

І на волас не заснуў — зусім, ніколькі не заснуў.

Ірваць на сабе валасы гл. ірваць ​1.

воласападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на волас.

во́ласць, ‑і, ж.

1. У Старажытнай Русі — мясцовасць, падпарадкаваная адной уладзе.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі і часткова ў СССР да 1930 г. — ніжэйшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, якая ўваходзіла ў склад паветаў.

во́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак. // Чалавек вялікага росту і сілы; велікан, гігант. [Багданёнак] быў волат гадоў трыццаці. Чарнышэвіч. Волатам выглядае цельшынскі дзед Мікіта. Пшыркоў. // перан. Што‑н. надта вялікіх памераў. На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі.

2. перан. Чалавек выдатных здольнасцей, геній; тытан. У гэтай сялянскай хаце адбылася першая сустрэча волатаў нашай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. С. Александровіч.

во́латаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да волата; як у волата. Волатаўскія намаганні. Волатаўская сіла.

волевыяўле́нне, ‑я, н.

Кніжн. Выказванне сваёй волі, жадання. Свабоднае волевыяўленне народа.

во́ленс-но́ленс, прысл.

Кніжн. Тое, што і воляй-няволяй.

[Ад лац. volens — які жадае і nolens — які не жадае.]

во́лка,

Разм.

1. Прысл. да волкі.

2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці волкасці, сырасці. У лагчыне стала волка. □ З сіваватых павольных хмар церушылася на зямлю рэдзенькая імжа. Было зябка, волка. Асіпенка.

во́лкасць, ‑і, ж.

Разм. Насычанасць вільгаццю; вільгаць. Нечакана разнягодзілася, пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка.

во́лкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вільготны, вогкі (вохкі). Волкі вецер. Волкая ноч. □ А з рэчкі ветрык вее волкі, Як веснік блізкага ўжо дня. Колас.