Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разна́сцежаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разнасцежыць.

разна́сцежыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Паэт. Расчыніць насцеж. Звычайны дзень, казённа-шэры, падцягнуты і посны — ён разнасцежыў зарана дзверы ў гімназічны пансіён. Вялюгін. Чаму ты плойме выдуманых бед Разнасцежыла сэрца так старанна? Бяда, калі пазнюся на абед, Бяда, калі прыходжу надта рана. Макаль.

разнато́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разнатоннага.

разнато́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца ад іншых па тону. Разнатонныя гукі. // Які ўтвараецца з гукаў розных таноў. Разнатонны звон.

разнатра́ўе, ‑я, н., зб.

1. Розныя травы, якія растуць уперамешку. Каля лазнякоў, .. над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвоста. Шамякін. Пад нагамі ўгіналася забалочаная зямля, зацягнутая разнатраўем. Мележ.

2. Спец. Група кармавых травяністых раслін, у якую не ўваходзяць злакавыя, бабовыя і асаковыя.

разнатра́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з розных траў; пакрыты разнатраўем. Разнатраўнае сена. □ Налева ад берага пачынаецца стэп, па-майску сакавіты і разнатраўны. Хомчанка.

разначы́нец, ‑нца, м.

У Расіі ў XVIII–XIX стст. — прагрэсіўна настроены інтэлігент недваранскага паходжання. Разначынцы з’яўляліся рэвалюцыйнымі дэмакратамі, выразнікамі інтарэсаў сялянства. «Маладосць».

разначы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разначынца, разначынцаў. [Атрады паўстанцаў] складаліся .. з шляхты, разначынных служачых, гімназістаў, рамеснікаў, сялян і парабкаў. «Полымя».

разнашэ́рснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разнашэрснага.

разнашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

1. З рознай, неаднолькавай шэрсцю. Разнашэрсная чарада кароў. Разнашэрсны конь. // перан. Разм. Неаднолькавы з другім (другімі) па колеру, выгляду. Вёска аж кішэла ад жоўтых шынялёў жандараў і разнашэрснай вопраткі паліцаяў. Карпюк.

2. перан. Разм. Разнастайны па складу. Разнашэрсны люд. □ Склад рэдакцыі і кола супрацоўнікаў «Мінскага лістка» былі вельмі разнашэрсныя. «Полымя».