Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маёнтак, ‑тка, м.

Зямельныя ўладанні памешчыка. У роднай вёсцы дзеда на месцы панскага маёнтка да вайны быў арганізаваны калгас. Рылько. // Панскі двор, сядзіба. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны.

маёнткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.

2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.

маёр, ‑а, м.

Афіцэрскае званне ў арміі, вышэйшае за званне капітана. // Асоба, якая носіць такое званне.

[Ад лац. major — вышэйшы, старшы.]

маёраў, ‑ава.

Які належыць маёру. Зброі ў .. [сержанта] не было, толькі маёраў планшэт з картай. Беразняк.

маёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маёра. Маёрскае званне.

маёўка, ‑і, ДМ маёўцы; Р мн. маёвак; ж.

1. Нелегальны сход рабочых у дарэвалюцыйнай Расіі ў дзень 1‑га Мая (звычайна за горадам). На сярэдзіне маёўкі прыбег вартаўнік шляху і сказаў, што ўперадзе відаць поўна сялянскіх фурманак. Мурашка.

2. Вясенняя загарадная прагулка, гулянне на ўлонні прыроды. Кожны год у дзень Перамогі ўвесь калектыў завода выязджаў на маёўку на паўвостраў Самшытавы. Дуброўскі.

мажа́ры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Вялікія сялянскія калёсы з высокімі драбінамі; кары (у 2 знач.). Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач.

мажарыта́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. У выразе: мажарытарная сістэма гл. сістэма.

[Фр. majorité — большасць.]

мажджэ́р, ‑а, м.

Разм. Металічны таўкач.

мажджэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Разм. Драбіць, таўчы; раздрабляць. Зразумела, што [у будаўнікоў] было і начынне: кувалдачкі, каб разбіваць, мажджэрыць камень, кельмы. Дубоўка.