футбо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да футбола. Футбольны сезон. □ Па тэлевізары перадавалі футбольны матч. Васілёнак. // Прызначаны для гульні ў футбол. Футбольнае поле. Футбольны мяч. □ Далі нашы спартсмены заяўку на футбольную форму — калі ласка, купілі і форму, і ўсё, што трэба са спортінвентару. Місько.
футля́р, ‑а, м.
Скрынка ці чахол, куды кладзецца якая‑н. рэч, каб захаваць яе ад псавання або пашкоджанняў. Каля ног на тратуары ляжаў футляр ад скрыпкі, шэры, аблезлы, і на ім шапка, у якой ляжала некалькі медзякоў. Галавач. Сяржант, палажыўшы баян у футляр, зняў з паліцы.. [Нінін] чамадан. Сіўцоў.
футля́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да футляра.
футля́рчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да футляр; невялічкі футляр. Красналюдкі дасталі з футлярчыкаў скрыпкі, спакойна, урачыста памаўчалі, пасля ўсе разам азірнуліся на Алежку і кранулі смычкамі струны. Вышынскі.
футля́ршчык, ‑а, м.
Майстар, які робіць футляры.
фу́тра, ‑а, н.
1. Валасяное покрыва на целе жывёл; шэрсць. Заглянуў Мароз у дупло, а там вавёрка ў шэрым футры спіць ды яшчэ хвосцікам, быццам коўдрай, накрылася, — добра ёй! П. Ткачоў.
2. Вырабленая шкура пушнога звера. Нарушэвіч пакорпаўся ў клумку і дастаў адтуль пышнае футра выдры. Машара. // Гэтыя шкуры як прадмет гандлю, вытворчасці. Лес, футра, бярозавы дзёгаць, шкіпінар ішлі ў многія краіны. «Звязда». Каштоўнае футра гэтага звера [бабра] скуплівалі замежныя камерсанты — яны плацілі чыстым золатам. Масарэнка.
3. Зімовая вопратка з вырабленых шкур пушнога звера. Казік памог.. [Мікалаю Мікалаевічу] ўздзець вялікае футра, падаў шапку. Грахоўскі. Вось па вуліцы ідзе дама ў кароткім футры з шэрага каракулю. Новікаў. / у перан. ужыв. Разам з хмарамі, якія віселі.. футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Бядуля.
футраапрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
Апрацоўка футра.
футрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. футраваць.
футрава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад футраваць.