фу́тра, ‑а, н.
1. Валасяное покрыва на целе жывёл; шэрсць. Заглянуў Мароз у дупло, а там вавёрка ў шэрым футры спіць ды яшчэ хвосцікам, быццам коўдрай, накрылася, — добра ёй! П. Ткачоў.
2. Вырабленая шкура пушнога звера. Нарушэвіч пакорпаўся ў клумку і дастаў адтуль пышнае футра выдры. Машара. // Гэтыя шкуры як прадмет гандлю, вытворчасці. Лес, футра, бярозавы дзёгаць, шкіпінар ішлі ў многія краіны. «Звязда». Каштоўнае футра гэтага звера [бабра] скуплівалі замежныя камерсанты — яны плацілі чыстым золатам. Масарэнка.
3. Зімовая вопратка з вырабленых шкур пушнога звера. Казік памог.. [Мікалаю Мікалаевічу] ўздзець вялікае футра, падаў шапку. Грахоўскі. Вось па вуліцы ідзе дама ў кароткім футры з шэрага каракулю. Новікаў. / у перан. ужыв. Разам з хмарамі, якія віселі.. футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)