Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́ін, ‑а, м.

Ваеннаслужачы; салдат, баец. Савецкі воін. Воіны Савецкай Арміі. // Змагар, барацьбіт, ваяка. Адзін у полі не воін. Прыказка.

во́інскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ваеннай справы. Воінскі статут. Воінскі эшалон. Воінская часць. // Звязаны з ваеннай службай. Воінская павіннасць. □ Усеагульны воінскі абавязак з’яўляецца законам. Канстытуцыя БССР. // Уласцівы ваеннаслужачаму. Сям-там завіхаліся ў натоўпе камандзіры, намагаючыся прывесці гэтых людзей у больш-менш воінскі выгляд. Лынькоў.

во́інства, ‑а, н., зб.

Высок. Воіны, ваеннаслужачыя.

вой, выкл.

Выказвае пачуццё болю, страху, трывогі, здзіўлення, захаплення, радасці. [Дзяўчаты:] — Вой, хутчэй, хутчэй, Танечка, уцякайма адсюль! Машара. Не трэба было слухаць.. [Сярожку]. Вой, не трэба было!.. Васілёнак. [Базыліха:] — Вой, якая ж ты шчаслівая, Тэкля! Краўчанка.

во́йканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. войкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

во́йкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вымаўляць, выкрыкваць «вой», выказваючы пачуццё болю, жалю, прыкрасці, здзіўлення. Хворы ледзь чутна войкае. □ Аленка Макарчук складала рукі на грудзях і ад здзіўлення ціхенька войкала. Курто.

во́йкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да войкаць.

во́йска, ‑а, н.

Узброеныя сілы дзяржавы або частка іх; армія. Рэгулярнае войска. Тэрытарыяльнае войска. Сухапутныя войскі. □ [Маці:] — Смела йдзі, сынок, у войска, Барані ты волю. Чарот.

•••

Кадравае войска — пастаяннае рэгулярнае войска, якое ў мірны час мае няпоўны састаў афіцэраў і сержантаў (кадраў) для падрыхтоўкі штогодніх прызываў радавых.

войт, ‑а, М войце, м.

1. У сярэдневяковай Польшчы, Украіне, Беларусі — начальнік гарадскога пасялення. Горадам кіруе прызначаны князем войт. Шынклер. Уцякаў ад пана, а папаў на войта. Прыказка.

2. Старшыня сельскай абшчыны ў Польшчы да 1950 г. Пан Крулеўскі назначаецца павятовым камісарам, войтаў па валасцях ставяць. Колас. [Антось] у гміннай радзе сядзіць на чацвёртым месцы пасля войта. Бажко.

[Польск. wójt.]

во́йтаўна, ‑ы, ж.

1. Дачка войта.

2. Гераіня беларускіх народных песень-балад. Войтаўна гіне не на полі бою, а пры спробе пераплысці з войскам сіняе мора. Ліс.