Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уласці́вы, ‑ая, ‑ае.

Які характэрны для каго‑, чаго‑н., з’яўляецца ўласцівасцю, якасцю каго‑, чаго‑н. Яшчэ з парога .. [гаспадыня] ветліва прывіталася, несучы на пухлявых губах усмешку, уласцівую толькі жанчынам. Колас. — А што думае камісар? — з уласцівай яму іранічнай манерай звярнуўся акцёр да хірурга. Васілевіч.

ула́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад улашчыць.

ула́шчвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да улашчыцца.

2. Зал. да улашчваць.

ула́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да улашчыць.

ула́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; зак.

Разм. Улагодзіцца, прыйсці ў добры настрой. Меншыя дзеці забіліся за комін і прытуліліся, пакуль улашчыцца матка. Гарэцкі.

ула́шчыць, ‑шчу, ‑шыш, ‑шчыць; зак., каго.

Разм. Улагодзіць, задобрыць каго‑н. Гаспадар змоўк, зразумеўшы, што госця нічым улашчыць нельга. Шамякін. Зазыба яўна хацеў улашчыць Драніцу, але таксама давесці сваё. Чыгрынаў.

уле́ва, прысл.

У левы бок; проціл. управа. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Лена крута павярнула ўлева, ведаючы, што тут жа ўніз вядзе лесвіца. Скрыган. // У левым баку, злева. Улева ад сябе .. [Агапа] ўбачыла ў Любіных руках халацік. Мурашка. Улева прасвечваўся гасцінец. Гартны.

уле́гцы, прысл.

Разм. Без паклажы; паражняком. У суботу ідуць [вучні] ўлегцы — за тыдзень вучэння торбы і кошыкі спустошваюцца да апошняе скарыначкі. Васілевіч. Улегцы фурманкі не хадзілі, прывозілі крамныя тавары. Дубоўка.

уле́гчы, улягу, уляжаш, уляжа; уляжам, уляжаце, улягуць; пр. улёг, улегла і улягла, улегла і улягло; заг. уляж; зак.

Разм.

1. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Улегчы ў навуку. □ [Андрэй] сапраўды гэтак улёг у работу, што нават не глядзеў па баках. Савіцкі. Ціхон прамаўчаў, выкарпаў з гэбля стружку і зноў улёг габляваць. Лобан.

2. перан. Уцягнуцца ў што‑н., набыць моцную схільнасць да чаго‑н. Дзівак, дзівак, нарэшце, растлумач ты: Чаго ты падарожнічаць улёг? Панчанка.

3. Кінуцца наўздагон за кім‑, чым‑н. І раптам пад самымі нагамі прашмыгнула рудая вавёрка. Нават не памятаў Алесь, як улёг за ёй. Ваданосаў. // Накіравацца ў якім‑н. напрамку. [Самалёты] доўга ішлі над лесам. Змянілі курс над нейкай леснічоўкай і ўляглі на поўдзень. Лінія іхняга палёту была ламаная, часам пакручастая. Алешка.

4. Пачаць заляцацца да каго‑н. Не на жарты [Галаўня] ўлёг за Клавай. Гроднеў.

уле́гчыся, улягуся, уляжашся, уляжацца; уляжамся, уляжацеся, улягуцца; пр. улёгся, улеглася і уляглася, улеглася і уляглося; заг. уляжся; зак.

1. Легчы для сну, адпачынку. Улегчыся адпачываць. □ Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць. Гартны. // Прыняць зручнае ляжачае становішча. Цётка .. крактала, варочалася, мабыць, пасля жніва балела цела, і яна ніяк не магла ўлегчыся. Асіпенка. [Сотнікаў] нетаропка выцяг[нуў] на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Быкаў. // Змясціцца дзе‑н. у ляжачым становішчы. Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў: — Дзеду, а дзеду, калі казкі? С. Александровіч.

2. Змясціцца (аб прадметах). Улегліся кнігі ў чамадан. □ Сям-там трапляліся толькі сыраежкі і лісічкі. Яны сіратліва ўлягліся на дне кошыкаў, як дакор нашай празмернай даверлівасці да тых, хто паабяцаў нам тут грыбныя горы. Паслядовіч.

3. Асесці, апусціцца. Улеглася сена ў копах. Улёгся пыл. □ [Маці:] — От узараў, сынок, то і добра... Калі там і агрэх які, дарма... Перапрэе, уляжацца за зіму, а там на вясну зноў паднімеш. Кулакоўскі. Церусіў дробны снег, але вецер не даваў яму ўлегчыся, здуваў на абочыны вуліц, зганяў з тратуараў. Арабей.

4. перан. Разм. Аслабець, сціхнуць, супакоіцца (пра з’явы прыроды і пад.). Бура ўлеглася. □ Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца. Ваданосаў. Летнім надвячоркам, калі ўжо трохі ўлеглася дзённая гарачыня, світанскі брыгадзір Лявон Цупкін падышоў пад акно яшчэ новай хаты і пабразгаў у шыбу. Сабаленка. / Пра гукі, шумы і пад. Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Колас. / Пра пачуцці, перажыванні, душэўны стан. Не паспела ўлегчыся адна радасць, як прыйшла другая. Дадзіёмаў. — А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне. Пальчэўскі. / Пра грамадскія з’явы, адносіны, настроі і пад. [Гаспадыня:] — Лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Чыгрынаў. [Войцік:] — Не, браце, на сваю кватэру табе [Максім] зараз ісці нельга. Эма перадала, каб ты, пакуль не ўляжацца гэта завіруха, дамоў не паказваўся. Машара.

5. Усталявацца, стаць. Ужо зіма добра ўлеглася, калолі па начах маразы вуглы ў хатах. Сачанка.