Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ула́зіны, ‑зін; адз. няма.

Разм. Уходзіны, наваселле. Новая хата заўсёды радасць. А ўлазіны — свята. Б. Стральцоў.

ула́зіць, улажу, улазіш, улазіць.

Незак. да улезці.

улама́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уламаць.

улама́цца, уломіцца; пр. уламаўся, ‑малася; зак.

Разм. Праламацца пад уздзеяннем цяжару. [Мацвей:] Шула ў пограбе пастаўлю, а то столь гатова ўламацца. Чорны.

улама́ць, уламлю, уломіш, уломіць; пр. уламаў, ‑мала; заг. уламі; зак.

Разм.

1. што. Праламаць; зрабіць пралом. Не бегай па страсе, а то ўломіш.

2. што. Ломячы, аддзяліць частку ад чаго‑н.; адламаць. Уламаць хлеба. // Выгадаць, прыдбаць што‑н. (звычайна хітрыкамі). [Бялькевіч:] — Але ў той жа час і трывога ў мяне: што там старой гэтай спатрэбілася? Гэта ж .. нешта хоча ўламаць!.. Савіцкі.

3. перан.; каго. Пераканаць, з цяжкасцю ўгаварыць згадзіцца з чым‑н. «Ну няўжо я яго [Алеся] не ўламлю», — цвёрда падумала Адэля. Броўка. [Ляснічы:] — Праўду кажучы, мы са старшынёй калгаса добра-такі ўспацелі, пакуль уламалі Бандарэнку: не хацеў дапускаць Васіля да руля. Даніленка.

ула́н, ‑а, м.

У арміі царскай Расіі і некаторых замежных арміях — салдат або афіцэр лёгкай кавалерыі. Паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы.. Пяхотныя часці, сапёрныя, артылерысты, уланы... Пестрак.

[Польск. ułan з тур.]

ула́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўлана, належыць яму. Уланскі полк. Уланскі мундзір.

уласка́віць, ‑ка́ўлю, ‑ка́віш, ‑ка́віць; зак., каго.

Зрабіць ласкавым, лагодным.

уласкаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да уласкавіць.

ула́сна,

1. пабочн. Па сутнасці, на самай справе. — На седала! — крыкнуў Лявон. Ніхто яго не паслухаў. Лявон, уласна, і не чакаў гэтага. Чарнышэвіч. Уласна, гэта быў не пакой, а двухпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Хадкевіч.

2. часціца абмежавальная. Ва ўласным разуменні гэтага слова. Уласна прозы ў Багдановіча мала. Яна прадстаўлена апавяданнямі, нарысамі, .. а таксама перакладамі. Лойка.

•••

Уласна кажучы гл. кажучы.