Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разміну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Ідучы адзін другому насустрач, не сустрэцца; разысціся. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. А Жэня магла б і размінуцца з калонай, не заўважыць чалавека ў цывільным. Кулакоўскі.

2. Разысціся пры сустрэчы, не дакрануўшыся адзін да другога; не зачапіўшы адзін другога. — Пане Сурвіла, — сказаў вусаты шляхціц, — падайцеся крыху набок, і мы пройдзем паўз вас, размінёмся. Чорны. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі. // Прайсці міма, не прыпыняючыся адзін каля другога. Глянулі [падпольшчыца і Клумаў] адзін на аднаго, ён пазнаў яе, не гледзячы на «маскарад», кіўнулі адзін аднаму — і размінуліся. Ус.

размітынгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.

Разм. Пачаць многа мітынгаваць. Не вельмі быў спрытным Сцяпан на мітынгі, але тут нават размітынгаваўся. Пестрак.

размнажа́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць размнажацца.

размнажа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для размнажэння чаго‑н. (рукапісаў, чарцяжоў) у некаторай колькасці экземпляраў. Размнажальны апарат.

размнажа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да размножыцца.

2. Аднаўляць патомства (пра раслінныя і жывёльныя арганізмы). Амаль усе палявыя культуры размнажаюцца насеннем. Рыбы размнажаюцца ікрой.

3. Зал. да размнажаць.

размнажа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размножыць.

размнажэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размнажаць — размножыць і размнажацца — размножыцца.

2. Аднаўленне патомства жывёльным або раслінным арганізмам. Бясполае размнажэнне. Палавое размнажэнне. Вегетатыўнае размнажэнне раслін.

размно́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размножыць.

размно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Павялічыцца ў колькасці, ліку.

2. Распладзіцца, развесціся (пра жывёльныя і раслінныя арганізмы). За адзінаццаць год усурыйскія яноты размножыліся і разбрыліся далёка ад таго месца .., дзе былі выпушчаны першыя далёкаўсходнія перасяленцы. В. Вольскі.

размно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Павялічыць колькасна.

2. Распладзіць, развесці (жывёлу або раслін). Размножыць каштоўную пароду коней.