разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.
1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.
2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.
3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.
разме́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да разметкі (у 1 знач.), прызначаны для яе. Разметачныя работы. Разметачны цыркуль.
разме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размячаць — размеціць.
2. Знак, паметка, метка, пастаўленыя з мэтай абазначэння чаго‑н., указання на што‑н. Віталь уважліва прыглядаецца да кожнага вагона, чытаючы крэйдавую разметку на сценках. Васілёнак. // Знакі ў тэксце, якія паказваюць, як павінен быць набраны тэкст. Набор па разметцы.
разме́тчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па разметцы (у 1 знач.). Разметчык вагонаў. Разметчык чыгуначных канструкцый.
разме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., што.
Расставіць значкі, зрабіць меткі на чым‑н. з мэтай раздзелу, размеркавання і пад.; абазначыць, намеціць знакамі. Зноў загаманілі, закрычалі мужчыны. Нарэшце, размецілі шнуры, пачалі цягнуць ну маркі. Асіпенка. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто.
разме́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад размеціць.
разме́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад размясіць.
разме́шванне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. размешваць 1 — размясіць.
разме́шванне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. размешваць 2 — размяшаць.
разме́швацца 1, ‑аецца; незак.
1. Незак. да размясіцца.
2. Зал. да размешваць 1.
разме́швацца 2, ‑аецца; незак.
1. Незак. да размяшацца.
2. Зал. да размешваць 2.