шу́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Хутка, з шумам упасці адкуль‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз. Ставер.
шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.
2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.
3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.
4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.
5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.
шуці́ха, ‑і, ДМ ‑цісе, ж.
Феерверачная ракета, якая пакідае зігзагападобны вогненны след.
шу́шамець, ‑і, ж.
Абл. Смецце. У тыя дні складаліся кантрольныя лічбы, самакрытычная мятла вымятала з самых цёмных кутоў усялякую шушамець. Чорны.
шушпа́н, ‑а, м.
Старажытнае верхняе жаночае адзенне ў выглядзе свабоднага кафтана або шырокай доўгай кашулі, сарафана.
шушу́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шушукаць і шушукацца, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пасля доўгага шушукання на кухні Ніна паявілася ў пакоі. Асіпенка.
шушу́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Шаптацца з кім‑н. (звычайна па сакрэту). З некаторага часу Мар’янка заўважыла, што яе свёкар і Амяльян аб чымсьці шушукаюцца, стараючыся схавацца ад яе. Колас. Хлопцы — у большасці гэта былі падлеткі, школьнікі, .. — шушукаліся між сабой, дурэлі, штурхалі адзін другога пад бакі. Кудравец. // Па сакрэту пляткарыць аб кім‑, чым‑н. — Ты ж .. сяброўка [Волькі], шушукаліся разам.. [Надзя:] — Я нічога не ведаю. М. Ткачоў.
2. перан. Утвараць ціхі шум (у 1 знач.); шамацець, шапацець. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. Балотца было затоплена вадою, толькі ўзбоч, ля кустоў, рыжэлі сям-там купіны і шушукаўся чарот. Сачанка.
шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.
2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.
шхе́ры, ‑аў; адз. няма.
Спец. Скалістыя астравы побач з моцна зрэзанымі марскімі берагамі; прыбярэжны марскі раён, у склад якога ўваходзяць такія астравы. Здаецца, ці выгляне сонца калі. Ад левага борта скалістыя шхеры, Ад правага — голыя горы ўдалі. Танк.
[Ад швед. skär — скалісты востраў.]
шху́на, ‑ы, ж.
Парусы карабель, які мае дзве або некалькі мачтаў з касымі парусамі. Не будзе кідацца акіян На фарштэвень шхуны маёй. Караткевіч. Мора баразнілі рыбацкія шхуны, баркасы. Карпаў.
[Англ. schooner.]