разме́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да размераць.
размеркава́льнік, ‑а, м.
1. Асоба, якая размяркоўвае што‑н.
2. Установа, якая ведае размеркаваннем каго‑н. (раненых па шпіталях, беспрытульных дзяцей па дзіцячых дамах і пад.).
3. У перыяд існавання картачнай сістэмы — магазін, які адпускаў тавары па пэўных нормах.
4. Спец. Прыстасаванне, машына і пад. для размеркавання чаго‑н. (току, вады, газу і пад.).
размеркава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для размеркавання чаго‑н. Размеркавальны шчыт. Размеркавальны пункт. Размеркавальная падстанцыя.
размеркава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размеркаваць, размеркавацца.
2. Спец. Працэс размяшчэння, раздзялення гатовага прадукта ў грамадстве, які вызначаецца вытворчымі адносінамі. Пры сацыялізме прынцыпам размеркавання з’яўляецца «ад кожнага па здольнасці, кожнаму — па яго працы». «Весці».
размеркава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад размеркаваць.
размеркава́цца, ‑мяркуецца; ‑мяркуемся, ‑мяркуецеся, ‑мяркуюцца; зак.
Раздзяліцца паміж кім‑н. якім‑н. чынам. Абавязкі размеркаваліся. // Раздзяліцца на групы. Экскурсанты размеркаваліся па групах. // Размясціцца па розных месцах. — Размеркаваліся? — пытаецца.. [чалавек] і загадвае свой тонкі як блінец, партфель на верхнюю паліцу. — Люблю вышыню!.. Савіцкі.
размеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак., каго-што.
1. Раздзяліць, падзяліць паміж кім‑, чым‑н., прадаставіўшы кожнаму пэўную частку. Міша загадаў размеркаваць наяўныя запасы не менш як на тыдзень. Новікаў. // Вызначыць месцы для каго‑н., размясціць, расставіць дзе‑н.; паслаць куды‑н. Размеркаваць студэнтаў-выпускнікоў. □ Падрыхтавалі [партызаны] пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі. Колас. Раненых размяркуем па сёлах у сваіх людзей. Няхай. // Раздзяліць на групы, разрады, катэгорыі па якіх‑н. адметных рысах. Размеркаваць мінералы па групах.
2. Вызначыць паслядоўнасць чаго‑н., размясціць у якой‑н. паслядоўнасці. — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе. Колас.
3. Мяркуючы, падлічыць, вырашыць. У сваіх планах цётка даўно размеркавала, колькі кватарантаў можна змясціць у разгароджанай прыбудоўцы. Даніленка.
разме́рнасць, ‑і, ж.
У фізіцы — выраз, які паказвае, у колькі разоў зменіцца адзінка фізічнай велічыні пры змяненні адзінкі велічынь, прынятых у дадзенай сістэме за асноўныя.
разме́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і размераны (у 2, 3 знач.). З вуліцы чуваць трэск барабана, віск флейты-свісцёлкі і размерны тупат ног. «Маладосць». Жандар падышоў да Рытвінскага размерным крокам. Баранавых.
2. Спец. Які служыць для таго, каб размерваць што‑н. Размерны ключ.