Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і жарт (у 1 знач.). — Ну, што з вамі, мае шуткі? Што вы ў голавы ўзялі? — Гаварыў Сымонка з імі. Дый самога страх шугаў. Колас. Досыць! Не шутка іграць на кларнеце, Медныя жменяй сыпаць акорды. Танк. Заўсёды над кожным яна [Гэля] адпальвала якую-небудзь шутку. Паджартавала яна і над Зосяю. Гартны.

шуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Тое, што і жартаваць. Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам. — От, паніч: вы ўсё шуткуеце! Колас.

шу́фель, ‑фля, м.

Шырокая, глыбокая лапата, прызначаная, галоўным чынам, для перасыпання сыпучых рэчываў. Андрэй набраў шуфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі. Барашкін грузіў смецце на каламажку шуфлем. Шуфель быў шырокі, з вельмі зручна выгнутым дзержаком. Савіцкі.

шу́фельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шуфля. Шуфельная ручка.

шу́флік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да шуфель; невялікі шуфель. [Барыска] меў свой невялічкі шуфлік і старанна «памагаў» мацеры. Васілёнак.

шуфлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Зграбаць, сыпаць, перасыпаць і пад. што‑н. шуфлем. [Кісяленка:] — Часам чалавек дзесяць-пятнаццаць бяруць з кожнага барака на электрастанцыю вугаль шуфляваць. С. Александровіч. Выходжу на паляну — і раптам натыкаюся на той жа самы грузавік. Дзяўчаты ззаду ў яго пясок шуфлююць. Ракітны.

шуфля́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Скрынка з невысокімі сценкамі і дном, зробленая з дошак ці фанеры, якая служыць для захоўвання, складвання якіх‑н. рэчаў. Рыгор Данілавіч дастаў з шуфляды стала тоўсты каленкоравы сшытак і пачаў чытаць сваё апавяданне. Хведаровіч. Абедзвюма рукамі.. [Бабейка] згроб паперы са стала і кінуў у шуфляду камоды. Хадкевіч. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч.

2. Збітыя ў выглядзе прамавугольніка дошкі, змешчаныя ў аконным праёме, унутры якіх замацоўваюць раму. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя, і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Чорны.

шух, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку ад глухога, кароткага шуму. Крумкач падымаецца — шух-шух-шух. Барадулін.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шухаць, шухнуць і шухнуцца. Я паперы свае — шух у шафу. Гатоў, маўляў, ісці. Савіцкі.

шу́ханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шухаць.

шу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. У працэсе працы, руху, дзеяння і пад. утвараць глухі характэрны гук. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем, ды пагрымлівае бульба, падаючы ў кашы. Ракітны.