шустава́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які служыць, прызначаны для шустоўкі.
шустава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шуставаць.
шустава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да шуставаць.
шустава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Спец. Згладжваць шустам няроўнасці, выдаляць іржу і пад. у ствале ружжа.
шусто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шуставаць.
шустраво́кі, ‑ая, ‑ае.
Разм. З шустрымі, жывымі вачамі. Зімой [Раман] ажаніўся з брыгаднай учот[чыцай] Янінай, дзяўчынай шустравокай, вясёлай, бойкай. Хадкевіч.
шу́странькі, ‑ая, ‑ае.
Памянш.-ласк. да шустры. Яны [кураняты] такія шустранькія, такія жоўценькія! — з захапленнем пачала расказваць Аня. Скрыпка.
шу́страсць, ‑і, ж.
Уласцівасць шустрага. — О, я ж кажу, — дзе і ўзялася шустрасць у Арыстава. Ён хутка выбег з-за стала. Алешка.
шу́стры, ‑ая, ‑ае.
Жвавы, імклівы, рухавы. Малога росту і надзвычай шустры, .. [Гаўрыла] не ходзіць, а лётае. Навуменка. Быстрая, не па гадах шустрая бабка Кацярынка прашнуравала да стала і ўціснулася паміж людзей на ўслон. Палтаран. [Альжбета:] — Харошы хлопчык, жвавы такі, шустры. Пальчэўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Адны вочы пад трошкі прыпухлымі павекамі былі па-ранейшаму жывыя, шустрыя і нагадвалі пра Насту маладую, прыгожую. Хадкевіч. На адну дарогу патрэбна мець у запасе добрую чвэртку гадзіны! Гэта, вядома, калі мераць яе шустрымі крокамі першага ў атрадзе бегуна Колі Пінчука. Якімовіч. / Пра жывёл, птушак і пад. Перасталі мітусіцца Нават шустрыя сініцы. Бачыла. Закружыла ў рэчцы кругі Плойма шустрых плотак. Бядуля. Па леташніх лісцях і траве прабеглі шустрыя, заклапочаныя мурашкі. Сачанка. // Які мае быструю плынь, павёў, рух; хуткі. Падышла да рэчкі шустрай, Месяц кружыцца ў вадзе. А. Александровіч. Ветрык шустры змоўк, заціх. Барадулін. // Быстраходны. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік. Купала. З уловам багатым, збаўляючы ход, Да берага шустры ідзе параход. Гаўрусёў. // Бойкі, кемлівы; разбітны. Шустрая, задаволеная жыццём, .. [маці] ўсю энергію і сілу аддавала сям’і, парадку ў хаце. Ваданосаў. Разгубіўся шустры перакладчык: захліснуў пытаннямі натоўп. Панчанка.
шусь, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шуснуць. Даніла шусь тут у вароты З жалезным ёмкім сахаром. Колас. [Банэдык:] — Давай, кажу, абедаць! Яна [бабка] шусь да печы, адчыніла ды стаіць, растапырыўшы рукі. А ў печы, дзецюкі, пуста! Чарнышэвіч.