Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укры́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укрышыць.

укрышы́ць, укрышу, укрышыш, укрышыць; зак., што і чаго.

Накрышыць чаго‑н. у што‑н. Укрышыць цыбулі ў салату.

укулі́цца, укулюся, укулішся, укуліцца; зак.

Разм. Уваліцца, сесці (у сані, калёсы і пад.). Геня падбег да пуні, сабраў сена, укуліўся ў брычку і пад’ехаў да Пётравай брамы. Пташнікаў.

уку́с, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. укусіць (у 1 знач.).

2. Укушанае месца. Памагаць укус ёдам.

укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.

1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.

2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.

3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.

уку́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укусіць.

улаві́ць, улаўлю, уловіш, уловіць; зак.

1. каго-што. Разм. Схапіць, злавіць каго‑, што‑н. [Хлапчук] выйшаў, улавіў за лейцы каня і накіраваў зноў на палоску. Мурашка. Улавілі [казакі] і Максіма Цёмнай ночкай у бары. І павіслі на асіне Нашы хлопцы-бунтары. Машара.

2. перан.; што. Успрыняць органамі пачуццяў тое, што слаба праяўляецца, хутка знікае. Улавіць шолах лесу. Улавіць пах кветак. □ — Ручаюся! — прамовіў я, саромеючыся, і ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі, якая, стоячы збоку, прыслухоўвалася да размовы. Карпюк. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома. Пташнікаў. Вавулін прыгледзеўся і ледзь улавіў цёмны цень фурманкі, што марудна рухалася насустрач. Лупсякоў. // Заўважыць, прыкмеціць, адчуць што‑н. У .. позірку [дзяўчыны] .. [Іван] улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Быкаў. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачыма, а адразу ўсёй істотай. Навуменка. // Зразумець, выявіць сутнасць, характэрныя рысы чаго‑н. Насця гаварыла, не павышаючы голасу, і Заранік напружваў слых, каб улавіць сэнс яе слоў. Хадкевіч. Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. // Запомніць, пераняць мелодыю, матыў і пад. Песня была новая, слоў .. [Жыгалка] не ведаў, але хутка ўлавіў матыў і цягнуў яе з натхненнем. Дуброўскі.

3. што. Сумець своечасова скарыстаць, выкарыстаць зручны час. Улавіўшы момант, калі сход можна было пачынаць, Карэцкі ўстаў з-за стала. Шахавец.

4. што. Выявіць і прыняць, зарэгістраваць якімі‑н. прыборамі. Улавіць радыёхвалю. Улавіць слабыя токі. □ Аўтаматы сейсмастанцыі ўлавілі ваганні планеты і ўключылі прыборы і асвятленне. Шыцік.

•••

Улавіць вухам — пачуць што‑н.

улаго́джанасць, ‑і, ж.

Стан улагоджанага (у 2 знач.).

улаго́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад улагодзіць.

2. у знач. прым. Якога ўлагодзілі. Улагоджанае дзіця.

улаго́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да улагодзіцца.

2. Зал. да улагоджваць.