Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укруці́ць, укручу, укруціш, укруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы што‑н., уставіць, уціснуць у сярэдзіну чаго‑н. Укруціць лямпачку ў патрон. □ [Ванька] шпурнуў пад ногі недакурак, укруціў яго абцасам у пясок. Місько.

2. Захутаць, завінуць у што‑н. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. [Жанчына:] — Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог. Гурскі. // Абматаць чым‑н. Замест замка .. [Антон] укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Чорны.

3. Убавіць, прыкруціць што‑н. Дзядзька Пракоп укруціў кнот лямпы, і ў зале як бы змерклася. Сабаленка.

4. Уматаць у што‑н. Укруціць канец вяроўкі ў кола.

5. Разм. Махлюючы, прысвоіць сабе што‑н. чужое, не аддаць чаго‑н. узятага, пазычанага. У закусачнай сапраўды кралі .. Касіры .. рабілі падробкі ў ведамасцях, калі здавалі грошы, каб укруціць і сабе. «Вожык».

укру́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укруціць.

укру́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. укручваць — укруціць (у 1–4 знач.).

укру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да укруціцца.

2. Зал. да укручваць.

укру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да укруціць.

укрыва́льнік, ‑а, м.

Той, хто скрывае злачынца, сляды злачынства, крадзенае.

укрыва́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да укрывальнік.

укрыва́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўкрывальніка, укрывальніцтва.

укрыва́льніцтва, ‑а, н.

Дзейнасць укрывальніка, укрывальніцы. Судзіць за ўкрывальніцтва.

укрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. укрываць — укрыць.