разма́х, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. размахваць — размахнуць і размахвацца — размахнуцца (у 1 знач.).
2. Велічыня хістання, вагання якога‑н. цела; амплітуда. Размах маятніка.
3. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі чаго‑н. разгорнутага, распасцёртага, разнятага. Размах крылаў арла. □ Хадакі занялі пракосы на ўвесь размах рук. Пальчэўскі. // Прастора, на якой распасціраецца што‑н. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам, шэрае і радаснае ў сваім бязмежным размаху. Адамчык.
4. перан. Шырыня, смеласць ва ўчынках, дзейнасці; адсутнасць абмежаванасці, вузкасці ў праяўленні. Размах будаўніцтва. □ Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. З кожным днём культурнае жыццё вёскі набывала ўсё большы размах. Сергіевіч.
•••
З размаху; з усяго размаху — а) размахнуўшыся, з сілаю. Грысь першы раз у сваім жыцці з размаху секануў па той рэчы, якую з такой любоўю сам рабіў. Кулакоўскі; б) з разгону, з разбегу. Вярблюд і бухнуў у раку з размаху. Дубоўка.
размаха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна махаць чым‑н. Халуста так распаліўся, так размахаўся кулакамі, што нават не пачуў, як у хату ўвайшоў Сямён. Чарнышэвіч.
размаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Разгайдаць, расхістаць што‑н.; махаючы, прыдаць сілу, хуткасць руху чаму‑н.
разма́хванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. размахваць — размахнуць.
разма́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да размахнуцца.
разма́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да размахаць.
2. чым. Махаць чым‑н. то ў адзін, то ў другі бок. Віктар, як і ўсе, размахваў рукамі, крычаў — не толькі сваім, а і калоне палонных немцаў, якую вялі па вуліцы. Навуменка. Чаравака кланяўся і размахваў капелюшом. Пестрак.
размахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зрабіць узмах рукой для ўдару, кідання і пад. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач .. коннікам. Колас. [Сын] спачатку выліў на зямлю мутную ваду, пасля размахнуўся і кінуў у агонь бляшанку. Чыгрынаў.
2. перан. Разм. Зрабіць што‑н. з размахам (у 4 знач.). [Жданковіч:] — Што я пастарэў ужо так, ці рабіць развучыўся? Ды я яшчэ так размахнуся! Шамякін. Узяўся я за прозу. Надумаўся апісаць сваё горкае жыццё. Як размахнуўся — вечары за тры дайшоў да свайго побыту ў дзядзькі ў Мінску. Гарэцкі.
размахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. чым. Зрабіць моцны ўзмах чым‑н.; прымусіць што‑н. хістацца. Максімецкі ўсхапіўся, хапіў сваю вінтоўку за рулю, размахнуў ёю навокал сябе і палажыў на месцы аднаго немца. Чорны.
2. што. Развесці ў бакі, раскінуць. Размахнуць крылы.
3. што. Разм. Развіць, разгарнуць што‑н. у вялікіх маштабах. Вось і сядзіба! Можна размахнуць Такі маёнтак. З. Астапенка.
размахры́цца, ‑рыцца; зак.
Разм. Стаць махрыстым, абтрапацца.
размахры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм. Зрабіць махрыстым, ператварыць у махры. Размахрыць канцы ручніка.