Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укра́сціся, украдзецца; пр. украўся, укралася; зак.

1. Папасці, пранікнуць з-за недагляду. У тэкст укралася памылка.

2. Непрыкметна ўвайсці, пранікнуць куды‑н.; пракрасціся. Здаецца, і непрыкметна прашмыгнулі партызаны вішнякамі ў вёску, бясшумна ўкраліся на двор.., але іх прыход .. не застаўся незаўважаным. Кухараў. // перан. Непрыкметна, міжвольна пранікнуць, з’явіцца; закрасціся (пра пачуцці, думкі). Украўся ў душу страх. □ У мой дзіцячы маленькі свет укралася першая зайздрасць. Бядуля.

укро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укроіць.

укро́іць, укрою, укроіш, укроіць; зак.

1. што. Уставіць кусок якога‑н. матэрыялу ў раскрой чаго‑н.

2. чаго. Адрэзаць (звычайна хлеба). Укроіць хлеба.

укро́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да укройваць.

укро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да укроіць (у 1 знач.).

укру́г, прысл. і прыназ.

Абл.

1. прысл. Кругом, вакол. Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі; За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. Купала.

2. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Няяркая, маленькая вясёлка Укруг месяца ледзь бачна зіхаціць. Багдановіч.

укругаву́ю, прысл.

1. Па кругу, у кругавым напрамку. — Дай, божа... На здароўе.. — з шумам адказалі ўсе, і чарка пайшла ўкругавую. Пестрак. Шырока расставіўшы ногі, Шаховіч пачаў ўкругавую ганяць ручку. Машына не заводзілася. Мяжэвіч.

2. У цэлым і прыблізна, на круг. Заданне брыгада выконвае ўкругавую штодня на 110–125 працэнтаў. Васілевіч. [Васіль:] — У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў ўкругавую. Потым з года ў год павышаць. Шамякін.

укружка́, прысл.

Разм. Невялікім кругам, утвараючы невялікі круг.

укруту́ю, прысл.

Крута, да цвёрдага стану (пра спосаб варкі яец).

укруці́цца, укручуся, укруцішся, укруціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, увайсці ў сярэдзіну чаго‑н. Шруба лёгка ўкруцілася. // перан. Разм. Улезці, усунуцца куды‑н. [Маці:] — Ён [Рапецкіх сын] табе, як вуж, усюды ўкруціцца, што хочаш дастане. Карпюк.

2. Захутацца ў што‑н., абматацца чым‑н. Пад альховым кустом, укруціўшыся ў старую дзіравую коўдру, ляжаў .. невялічкага росту чалавек. Чарот. Мы абуліся, адзеліся, укруціліся хусткамі. Лось.

3. Круцячыся, наматацца на што‑н. Лейцы адчапіліся ад лёстак, укруціліся ў пярэдняе кола. Сабаленка.