рага́ціна, ‑ы, ж.
1. Старадаўняй воінская зброя ў выглядзе вострага кап’я, насаджанага на кароткае дрэўка. Крыжаносцы секлі ўзброеных дубінамі і рагацінамі .. апалчэнцаў. «Маладосць».
2. Паляўнічая зброя ў выглядзе вострага з абодвух бакоў нажа на доўгім дрэўку. Хадзіць з рагацінай на мядзведзя. □ — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.
3. Разм. Рагуліна. Каля адной бярозы стаяў на дзвюх рагацінах выдзеўбаны з кругляка жалабок. Паўлаў.
рага́ч, ‑а, м.
1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.
2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.
3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.
4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.
5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.
раго́жа, ‑ы, ж.
Грубая плеценая тканіна з лубяных палосак (для ўпакоўкі, накрывання чаго‑н. і пад.). Выбягаюць з класнага вагона салдаты, грузяць у цяплушкі .. запакаваную ў рагожу мэблю. Лужанін. // Мачалка з лубяных палосак; вяхотка. Каля дзвярэй некалькі старэнькіх дзядкоў неміласэрна церлі адзін аднаму рагожамі спіны. Чорны.
раго́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Памянш. да рагожа. // Падсцілка з рагожы.
2. Баваўняная або палатняная тканіна, ніці ў якой пераплятаюцца папарна.
раго́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рагожы. Рагожная тканіна. Рагожны вехаць. // Зроблены з рагожы. Грузавік быў нагружаны вочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. // Крыты рагожай. Рагожная кібітка. Рагожны будан.
раго́з, ‑у, м.
Травяністая расліна сямейства рагозавых з тоўстым моцным чорна-белым катахом на высокім сцябле, якая расце па берагах вадаёмаў. Па баках, каля берагоў, раслі ў вадзе гарлачыкі, рагоз і асака, але сярэдзіна возера была чыстая. В. Вольскі.
раго́завы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рагозу. Рагозавыя лісты.
2. у знач. наз. раго́завыя, ‑ых. Сямейства водных і балотных травяністых раслін з цыліндрычным суквеццем у выглядзе катаха.
рагу́, нескл., н.
Страва з дробна парэзанага і ўтушанага з гароднінай мяса або ўтушанай гародніны з вострым соусам. [Цётка Роза] нарыхтавала яшчэ разу з труса, якога на вачах Толі падстрэліў дзядзька. Лынькоў.
[Фр. ragoût.]
рагу́ліна, ‑ы, ж.
Разм. Палка з развілінай. [Плытагоны] зашчамілі паміж звязанымі бярв[ёнамі] дзве рагуліны і, калі трэба было, вешалі над вогнішчам на тоўстай бярозавай палцы кацялок з гарохавым супам. Радкевіч.