Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

во́стры, ‑ая, ‑ае.

1. З завостраным канцом або краем. Востры канец палкі. □ Свежыя адбіткі вострых капытоў.. сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень. В. Вольскі. // Добра навостраны. Серп востры, аж кусаецца, як спрабуе яго пішчыкам пальца Яніна. Мурашка.

2. Які звужвацца пад канец. Востры твар. Вострыя насы туфель. □ Над галавою,.. з свістам рассякаючы паветра вострымі крыламі, праляцела качка. Нікановіч.

3. перан. Які выразна і моцна адчуваецца, праяўляецца. Вострыя пачуцці. □ У Шуры да дэсантнікаў вострая цікавасць, але падступіцца да іх нельга. Навуменка. Разгубленасць саступіла месца вострай трывозе. Лынькоў.

4. перан. Добра развіты, тонкі. Востры зрок, нюх. Востры розум. // Праніклівы, пранізлівы. З-пад .. брывей.. бліснуў востры, як лязо брытвы, позірк. Лынькоў.

5. перан. Дасціпны, з’едлівы. Вострае слова. □ Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

6. Не прэсны, з вялікай колькасцю солі, спецый. Вострыя прыправы. Востры сыр. // Рэзкі. Востры пах. □ Лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі.

7. Які бурна развіваецца, рэзка адчуваецца (пра хваробы); не хранічны; раптоўны, моцны. Вірусны грып — вострая інфекцыйная хвароба. Востры апендыцыт. □ Нагу працяў нясцерпны, востры боль. Гамолка.

8. перан. Вельмі напружаны, крытычны. Вострая сітуацыя. Вострае становішча. □ Крапівінскія байкі прыцягвалі і прыцягваюць перш за ўсё сваім трапным словам, жывым вострым дыялогам. Казека.

•••

Востры язык гл. язык.

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее дасціпна, колка сказаць.

Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.

во́сці, ‑яў; адз. няма.

Рыбалоўная прылада ў выглядзе віл. Іліко.. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак.

восць, ‑і, ж., зб.

Доўгія і больш рэдкія валасы на скуры жывёл у параўнанні з асноўным слоем валасоў, шэрсці, шчаціны і пад. Зверху бабёр пакрыты восцю — доўгімі і параўнальна рэдкімі валасамі. В. Вольскі.

во́сып, ‑у, м.

Абломкі горных парод, якія асыпаюцца ў выніку выветрывання; скапленне гэтых абломкаў. Вунь восып. А трохі вышэй і лявей — спала. Караткевіч.

во́сыпка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

Мука (звычайна з аўса ў сумесі з іншым збожжам), якой абмешваюць або пасыпаюць корм жывёле; вобмешка.

вось 1, ‑і, ж.

1. Шпень або тонкі вал, на які насаджваюцца колы, часткі машын або механізмаў. Пярэдняя, задняя вось. Вертыкальная вось. □ Некалькі артылерыстаў цягнулі гармату, якая грузла амаль да восі. Мележ.

2. Спец. Прамая, якая праходзіць праз цэнтр сіметрыі або праз цэнтр цяжару якога‑н. цела. Вось праекцыі. Аптычная вось. Зямная вось.

3. перан. Стрыжань якіх‑н. падзей. Вось палітычнага жыцця.

вось 2, указальная часціца.

1. Ужываецца для ўказання на прадметы, з’явы, якія знаходзяцца блізка ў дадзены момант, або на ўсё тое, што адбываецца непасрэдна перад вачамі. [Зоська:] Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце... Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя, рвала. Купала. Нарэшце, вось яно, мястэчка Між гор бялее ў паплавах. Колас. [Калгаснікі] стаялі і сачылі за дзіўнай ігрой хмар. Вось тая, што плыла з захаду, закрыла сонца. Шамякін.

2. Ужываецца для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне. Усё сціхла. Але вось паветра рассякае агністы меч і зіхаціць вясёла. Багдановіч. Вось мы пад гарой ужо, вынырваем з-за гары, ледзь не потырч ляцім уніз. Брыль.

3. Ужываецца пры выказванні якіх‑н. эмоцый (захаплення, радасці, жарту і пад.) у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву. Ага, вось ты якая цаца! Так, так! Шамякін. Вось выпадак, вось здарэнне! Колас.

4. У спалучэнні з указальнымі займеннікамі і прыслоўямі ўжываецца для ўзмацнення і ўдакладнення іх значэння. Анежка ішла і думала, што вось гэта сустрэча з Алесем вырашыць канчаткова яе лёс. Броўка. [Паўлінка:] Вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў. Купала.

5. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі (хто, што, які, чый, каторы) і прыслоўямі (дзе, куды, адкуль, калі, чаму, як і інш.) надае ім сэнс указання на што‑н. (з націскам на слове «вось»). [Паўлінка:] Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. Купала. Вось дзе можна бавіць час! Колас. [Клім:] — А чытаю я вось што. — Ён узяў з этажэркі кнігу і падаў Шэмету. Лобан. [Леў Раманавіч:] — Дык гэта ж ты і сапраўды даводзішся мне траюрадным братам. Вось як. Асіпенка. Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны. Лынькоў.

•••

Вось табе! Вось вам! — атрымай (атрымайце) па заслугах.

Вось табе і... — пра што‑н. такое, што мяняецца не ў патрэбны бок.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! — вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось так — ужываецца ў воклічах пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! Вось яно як! — вокліч здзіўлення аб уразуменні раней незразумелага.

Вось яшчэ! — ужываецца пры адмаўленні чаго‑н., пры нязгодзе з чым‑н. або пры адмоўных адносінах да чаго‑н.

Ну, вось і ўсё! — ужываецца пры падвядзенні вынікаў чаго‑н. або ў канцы размовы ці спыненні гутаркі.

во́сьмы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да восем. Восьмы год.

2. у знач. наз. во́сьмая, ‑ай, ж. Нота працягласцю ў адну восьмую частку цэлай ноты.

вось-вось, прысл.

Зараз, яшчэ крыху і... Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Лынькоў. Плыў човен. Ён гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі назаўсёды. Ваданосаў.

вот, часціца.

Тое, што і вось ​2.

во́труб’е, ‑я, н., зб.

Адходы мукамольнай прамысловасці — рэшткі расцёртай абалонкі пасля размолу зерня. І ён пакаяўся, перастаў хадзіць цішком на паклон за кацялок кіславатай баўтухі з вотруб’я і бульбы. Брыль.