Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

назло́,

1. прысл. Наперакор, з намерам раззлаваць. Рабіць назло каму‑н. □ Час, як назло, ішоў вельмі марудна, хвіліна здавалася цэлай гадзінай. Рунец.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «назло» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на асобу ці паняцце, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Дужэем назло ворагу. Выжыў назло самой смерці. □ Я адчуваю: нехта трэці Нядаўняй радасці назло І скразнякі прынёс, і вецер У наша роднае жытло. Тармола.

назлу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Здзіраючы, аддзіраючы, злупіць нейкую колькасць чаго‑н.

назлята́цца, ‑аецца; зак.

Зляцецца ў вялікай колькасці. А зязюлі куюць, быццам з кожнай вярбы, Быццам іх назляталася з цэлага свету! Лойка.

назмо́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Матаючы, адвіць нейкую колькасць чаго‑н. Назмотваць нітак са шпулек.

назмята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Змесці многа чаго‑н. Назмятаць кучу апалага лісця.

назнаро́к, прысл.

Разм. Спецыяльна, з якой‑н. мэтай; знарок. [Дзіма:] — Значыць, назнарок накіравалі мяне на луг, каб я вам не перашкаджаў? — Голас яго задрыжаў і асекся. Гамолка. // Несур’ёзна, для выгляду. [Рыгор:] — Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся... Ці мо назнарок? Гартны. // Насуперак, назло каму‑н. Сашка гатовы быў да ўсяго. Ад каго, ад каго, а ўжо ад Надзі ён не чакаў літасці. А яна быццам назнарок: — Схуднеў ты. Аж вочы пасалавелі. Гроднеў.

назнахо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-чаго.

Знайсці ў розных мясцінах многа каго‑, чаго‑н. Назаўтра [Яша] узяў акрайчык хлеба за пазуху, насыпаў у кішэні патронаў, тых, што назнаходзіў у розных мясцінах, і з самага ранку падаўся ў лес. Кулакоўскі.

назна́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад назначыць.

назнача́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да назначыцца.

2. Зал. да назначаць.

назнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да назначыць.