Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вітамі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вітамінаў. Вітамінная лабараторыя. Вітамінная мука.

вітаміно́зны, ‑ая, ‑ае.

Багаты вітамінамі. Вітамінозны тлушч.

вітаміно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне вітаміналогіі.

вітамі́ны, ‑аў; адз. вітамін, ‑у, м.

Арганічныя рэчывы, неабходныя для харчавання і жыццёвай дзейнасці жывых арганізмаў. Вітамін А.

віта́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вітаць, вітацца.

2. Прывітанне. — Добры дзень, — кінуў я сваё вітанне. — Добры дзень, — пачуў нядружны адказ. Сабаленка.

віта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Вітаць адзін аднаго пры сустрэчы; здароўкацца. Вітацца за руку. □ [Хлопцы] сустракаліся са знаёмымі — віталіся, калі не бачыліся да таго, перакідаліся словамі. Гартны.

віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

ві́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Скручаны лазовы або бярозавы дубец, якім прывязваюць, прымацоўваюць што‑н. На коллях [плота] віткі пагнілі. Колас.

вітко́вы, ‑ая, ‑ае.

Здольны павівацца, павойны. Вітковыя расліны.

віто́к, ‑тка, м.

1. Адзін абарот спіралі. Віток спружыны. // Тое, што навіта ў выглядзе спіралі. Віток абмоткі.

2. Поўны абарот вакол чаго‑н. Віток касмічнага карабля вакол Зямлі.