Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

назіра́льнік, ‑а, м.

Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.

назіра́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да назіральнік.

назіра́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да назіральніка, назірання.

назіра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прызначаны для назірання. Назіральны пункт. Назіральная вышка. □ Партызаны спрабавалі пайсці ў атаку, але частыя кулямётныя чэргі прыціскалі іх да зямлі. З супрацьтанкавага ружжа білі ўвесь час па назіральнай шчыліне, і нарэшце бранявік застыў на месцы. Шахавец.

2. Той, хто валодае назіральнасцю, умее назіраць (у 1 знач.). Назіральны чалавек. Назіральны мастак. □ Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, .. [Аляксей] адчуваў нядобрае. Мележ. Каб Адам быў больш назіральны, то ён бы ўбачыў у затуманеным позірку прыгожых жончыных вачэй нешта падобнае на вінаватасць і папрок. Чарнышэвіч.

назіра́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. назіраць.

2. Тое, што заўважана ў працэсе, у выніку вывучэння, разгляду чаго‑н., нагляданняў за кім‑, чым‑н. Навуковыя назіранні. □ Яна [дзяўчына] прасочыць рух аблок, У глебе змерае цяпло, Увечары і ўранні Запіша назіранні. Лужанін. І яшчэ адно назіранне зрабіў Сцёпка: хто мацней насядае, той свайго дабіваецца. Колас.

назіра́цца, ‑аецца; зак.

1. Бываць, здарацца. Падобныя здарэнні назіраюцца рэдка. // Выяўляцца, адзначацца. У гісторыі беларускай літаратуры ніколі раней не назіралася такога росквіту, як пасля грамадзянскай вайны. Пшыркоў. За Рыгорам Іванавічам часта такое назіраецца: спярша возьме пацікавіцца, а потым зробіць сваю заўвагу. Кірэйчык.

2. Зал. да назіраць (у 2, 3 знач.).

назіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за кім-чым, з дадан. сказам і без дап. Разглядаць, глядзець збоку, не ўмешваючыся; сузіраць. Назірае Міхась праз акно святочны натоўп, думае свае думы. Лынькоў. Прэзідэнт моўчкі назіраў за хвалюючай сустрэчай гэтых двух вучоных, якія жылі ў розных капцах свету, ніколі не бачылі адзін аднаго і вось, сустрэўшыся, былі рады, як брат брату. Гамолка.

2. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Сустракаючыся з кім‑, чым‑н., заўважаць яго ўласцівасці, асаблівасці і пад. — Мяне тут паставіла партыя, — з новым запалам сказаў Паходня, — і паставіла не для таго, каб я раўнадушна назіраў падзеі. Хадкевіч. // Бачыць, наглядаць. Ля Міхаськавага станка часта можна пазіраць і яшчэ больш прывабны малюнак. Кулакоўскі.

3. каго-што, за кім-чым і без дап. Даследаваць, вывучаць. Назіраць зацьменне Сонца. Вучыць школьнікаў назіраць. □ Я вандрую па той краіне, дзе жыву, вывучаю яе прыроду, назіраю за жыццём яе звяроў і птушак. В. Вольскі.

4. за кім-чым. Пільнаваць, даглядаць, каб не здарылася чаго‑н. дрэннага. Назіраць за дзецьмі. □ Міхал узяў лапату, укінуў у завалачнае акно пяску, насыпаў яго таксама на парог, які тут жа паволі пачаў нібы зацягвацца шклом. — Цяпер добра, — сказаў ён падручнаму, — але назіраў, за шлакам. Карпаў. // Сачыць за кім‑, чым‑н. Алік і Валерык употай пазіралі за хлопцам. Шашкоў.

на́зіркам, прысл.

Не спускаючы з вачэй (ісці, бегчы і пад. следам за кім‑, чым‑н.). Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой. Шамякін. Ідучы за чалавекам назіркам, мы давялі яго да местачковай вуліцы і ўжо не адставалі ні на крок. Навуменка. [Ігнат] ішоў уніз па сцежцы, а за ім назіркам краўся Барыс. М. Ткачоў. // Паглядаючы час ад часу. Заранік, спыніўшыся каля шчыта з аб’явамі і афішамі, назіркам сачыў за ўваходам у корпус. Хадкевіч.

назлава́цца, ‑луюся, ‑злуешся, ‑злуецца; ‑злуёмся, ‑злуяцеся; зак.

Разм. Пазлавацца многа, доўга. Назлаваўся за дзень.

назліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Адліваючы або зліваючы ў адно месца, наліць нейкую колькасць чаго‑н. Назліваць вяршкоў з малака.