штэмпелява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад штэмпеляваць.
штэмпелява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да штэмпеляваць.
штэмпелява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
Ставіць штэмпель (у 1 знач.) на паверхню чаго‑н. Штэмпеляваць пасылку. Штэмпеляваць пісьмы.
штэ́пар, ‑а, м.
Тое, што і загатоўшчык (у 2 знач.).
штэ́псель, ‑я, м.
Металічная вілка ў пластмасавым або гумавым корпусе, пры дапамозе якой злучаны з ёю провадам электрычны прыбор уключаецца ў сетку. — Нашто гэта? — суседка падыходзіць да мяне і выцягвае з прымацаванай да стала разеткі штэпсель. Шынклер.
[Ням. Stepsel.]
штэ́псельны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штэпселя; з’яўляецца штэпселем. Аўтамат злучаецца са званком пры дапамозе штэпсельнай вілкі, якая ўключаецца ў гэту разетку. «Маладосць». // Які робіцца пры дапамозе штэпселя. Штэпсельнае злучэнне.
шу́ба, ‑ы, ж.
1. Зімовае верхняе адзенне на падкладцы з футра. [Клопікаў:] — Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў, не дашукаліся і прадвадзіцельскай шубы... Лынькоў.
2. Поўсцевае покрыва некаторых жывёл. А як сонца зірне, Я [вавёрка] скачу па сасне. Цёпла ў шубе маёй І суровай зімой. Журба.
шу́бнік, ‑а, м.
Уст. Той, хто займаецца шыццём шуб, кажухоў, паўкажушкаў.
шугале́я, ‑і, ж.
Раней — вялікая лодка з аднаго выдзеўбанага кавалка дрэва (звычайна дубу). Дзяўбаў паляшук Шугалеі, як гора, — Распарваў ён дуб, Дзеўбучы дзень да ночы Чаўны, як вялізныя Ноевы ночвы. Лойка.
шугану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да шугаць.
2. Разм. Рынуцца куды‑н. Вучні шуганулі ад вокнаў, ад дзвярэй за парты. Шамякін. Статак шугануў на суседскі агарод. С. Александровіч. Пальцы рук .. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся; ён шугануў да воза, роўны, высокі. Чорны. // Прагучаць бурна, імкліва. З падворка шугануў на паляну меладычны перазвон званочкаў. Пестрак.
3. Разм. Зваліцца ўніз, шухнуць. Раптам Петрык — вось бяда! — Ледзь не з вершаліны, Закрычаўшы нема: — А-а-а-а!.. — Шугануў з яліны. Гілевіч. Скакаць з таварнага вагона Ніне было высока, але яна адчайна шуганула ўніз. Арабей.
4. Разм. Паліцца, пасыпацца адкуль‑н. [Алег] хацеў крыкнуць, пазваць бацьку, але не паспеў: цераз барты шуганула вада. Гамолка. На спіну шуганула зямля з травою і карэннямі зарасніку. Кулакоўскі.
5. Разм. Прагнаць каго‑н. адкуль‑н. [Іван Іванавіч:] — Дачакаліся, калі шуганулі з нашай зямлі навалач, збераглі яе [Канстытуцыю], як і зямлю, нашым потам, галубкі мае, палітую... Даніленка.
6. Зрабіць што‑н. у вельмі хуткім тэмпе. Трыста падвод з навакольных вёсак выехала ў лес па дрэва для народнага дома. Так шуганулі, што за тыдзень быў гатовы зруб, а за другі тыдзень і ўвесь дом. Пестрак.