Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

назаўжды́, прысл.

Тое, што і назаўсёды. Каб слава дружыла з табой праз гады, ты з працай зрадніся, мой сын, назаўжды. Бялевіч.

назаўсёды, прысл.

На ўвесь час, на ўсё жыццё. Паехаць назаўсёды. Расстацца назаўсёды. □ Той дзень Алене запомніўся назаўсёды. Пестрак. Сяброў сваіх запомніў назаўсёды, Бо аж да самага канца вайны Ішоў паперадзе свайго я ўзвода, А поруч утраіх ішлі яны. Вітка.

•••

Заснуць назаўсёды гл. заснуць.

Раз (і) назаўсёды гл. раз.

наза́ўтра, прысл.

На наступны дзень. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў шукаць аўса. Якімовіч. Мы стрэліся пад той жа бярозай назаўтра, у наступны дзень. Васілевіч.

назахо́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

Захапіць вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Назахопліваць трафеяў.

назаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

Зацягнуць у сярэдзіну, унутр чаго‑н. вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Назацягваць мяшкоў у сенцы.

назачэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Зачасаць, завастрыць значную колькасць чаго‑н. Назачэсваць калоў.

назбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

1. Збіць, абабіць нейкую колькасць чаго‑н. Назбіваць яблыкаў. // Падстрэліўшы на ляту, збіць вялікую колькасць чаго‑н. Назбіваць варожых самалётаў.

2. Разм. Прыбіваючы адно да другога, змайстраваць нейкую колькасць чаго‑н. Назбіваць табурэтак. Назбіваць скрынак.

назбіра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад назбіраць.

назбіра́цца, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Сысціся, з’ехацца, сабрацца ў адным месцы. Ніхто і не спадзяваўся, што .. будзе так урачыста і што столькі назбіраецца гасцей. Чорны.

2. Сабрацца, сканцэнтравацца ў нейкай колькасці (аб прадметах). За два тыдні .. у шэрай папцы назбіралася багата паперак. Асіпенка. // Паступова назапасіцца, накапіцца (пра веды, вопыт і пад., а таксама пра пачуцці, узаемаадносіны і пад.). Андрэй упершыню падумаў, што нядрэнна было б паступіць у вячэрні аўтатэхнікум, каб прывесці ў парадак свае веды, якіх, як спадзяваўся Андрэй, назбіралася ў яго ўжо нямала. Шахавец. За вячэраю ўзгарэлася тое, што назбіралася за цэлы дзень. Трэслася Верамейчыкава хата ад лаянкі. Крапіва.

назбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Сабраць за некалькі прыёмаў у нейкай колькасці. Назбіраць грыбоў. Назбіраць кветак. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч. Я назбіраў галля, расклаў агонь. Шамякін.

2. Склікаць або прымусіць сабрацца ў адно месца для арганізацыі чаго‑н. [Максім:] — Ну, калі .. [дзед Талаш] управіўся народу назбіраць і трапіць [з атрадам] аж у Ганусы? Колас.

3. Паступова збіраючы або адкладваючы, назапасіць значную колькасць чаго‑н. Вось хцівец грош[ай] многа З працэнтаў назбіраў. Купала. Дырэктарка старалася паказаць мне ўсё тое багацце, якога яны назбіралі за апошні час. Сабаленка.