Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ві́русы, ‑аў; адз. вірус, ‑а, м.

Самыя дробныя мікраарганізмы, якія выклікаюць заразныя захворванні. Вірус шаленства. Фільтроўныя вірусы.

[Ад лац. virus — яд.]

віру́тнік, ‑а, м.

Разм. лаянк. Дрэнны, нікчэмны чалавек. — Нашто ён [Клышэўскі] нам, гэты вірутнік, гэты зброд? — крычаў Каетан, грукаючы кулаком па стале. Броўка.

віры́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вірыраваць.

віры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Надаць (надаваць) фатаграфічнаму здымку з дапамогай віражу ​2 пэўную афарбоўку.

віры́сты, ‑ая, ‑ае.

У якім многа віроў (у 1 знач.). Вірыстая рака. Вірыстая плынь.

віры́цца, ‑рыцца; незак.

1. Круціцца, утвараць віры (пра ваду). Вада падмывала пясчаны бераг, вірылася вакол вярбы. Шамякін.

2. перан. Бурліць. Вірацца думкі.

віры́ць, ‑рыць; незак.

Тое, што і віраваць. І ўспенена рэкі вірылі ў буйных разлівах вясновых. Рудкоўскі. А на дварэ ўжо вірыў натоўп. Сачанка.

віс, ‑у, м.

Спец. Вісячае становішча цела гімнаста пры выкананні некаторых гімнастычных практыкаванняў.

ві́сельнік, ‑а, м.

Чалавек, павешаны на вісельні.

ві́сельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вісельні.