разло́мліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разломліваць — разламаць.
разло́млівацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разламацца.
2. Разм. Моцна, нясцерпна балець (пра галаву).
разло́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да разламаць.
2. безас. Пра моцны боль у якой‑н. частцы цела.
разлуза́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разлузаць.
разлуза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Раскрыць (абалонку), каб дастаць семя; разлушчыць. А Віктар разлузаў гарбузік, укінуў зерне ў рот і зачаўкаў. Лобан.
разлу́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разлузаць.
разлу́ка, ‑і, ДМ ‑лу́цы, ж.
1. Стан паводле знач. дзеясл. разлучацца — разлучыцца.
2. Расcтанне з кім‑н. родным, блізкім. Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. На пятым годзе разлукі з родным Міргарадам .. [Сярдзюк] натхнёна ўспамінае вішняк і галушкі. Брыль.
разлупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., што.
Разм. Разадраць на палосы, распаласаваць што‑н. Скінуўшы з сябе сарочку і разлупіўшы яе на шырокія палосы, я перавязаў Алесю руку. Адамчык. На падаконніку ў вагоне рос альяс. Адарка адарвала ад яго два лісты, разлупіла іх напал і прыклала да ран. Сабаленка. // Падраць (звычайна зачапіўшыся, зачапіўшы). Разлупіць кашулю. □ Неяк падганяючы.. [Белалобую], хлопчык зачапіўся за сук і разлупіў ледзь не да пояса калашыну. Шуцько.
разлу́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разлупіць.
разлу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разлупіць.