віра́ж 1, ‑у, м.
1. Паварот самалёта, карабля з крэнам або паварот па крывой аўтамашыны, веласіпеда і пад. Робячы глыбокія віражы,.. [самалёты] ўзляталі пад воблакі. Дудо.
2. Месца павароту дарогі, спартыўнай дарожкі.
[Фр. virage — паварот.]
віра́ж 2, ‑у, м.
Хімічны раствор для надання пэўнага колеру фатаграфічным здымкам.
[Фр. virage — фатаграфічны працэс, літаральна — паварот.]
віражлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і вірлівы (у 2 знач.). Прызвычаены да віражлівай плыні жыцця.. [Арлоўскі] не знаходзіў сабе месца, калі трапляў у ціхі спакойны закутак. Паслядовіч.
віра́жны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да віражу 1.
віра́жны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да віражу 2.
віражы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Рухацца па крывой.
вірлаво́кі, ‑ая, ‑ае.
З вялікімі лупатымі вачамі. Соўкі, соўкі-савяняты, Вірлавокія блізняты, Яны ўселіся на сук. Хведаровіч. Распяўся кажан у падстрэшшы. Пугач вірлавокі дрэмле. Барадулін.
вірлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які віруе, бурліць. Вірлівы паток. □ След вірлівы вясла за кармою бяжыць. Зарыцкі. // Вірысты. Дняпро шырокі, вірлівы, увесь у поймах. Лупсякоў.
2. перан. Бурлівы; кіпучы. З вагона, калі пачалася сумятня пасажыраў, я выйшаў.. і апынуўся ў вірлівай людской гушчыні. Сабаленка. Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі.. [Ліпанавай] заседжвацца на адным месцы. Асіпенка.
вірлі́ць, ‑ліць; незак.
Разм. Тое, што і віраваць (вірыць). Далёка ўнізе вірліла, пенілася рака. Лынькоў. Але жыццё Вірліць пайшло іначай І старадаўшчыну Забрала ў палон. Чарот.
віро́к, ‑рка, м.
1. Памянш. да вір (у 1 знач.); малы вір. На чорнай плыні ўсюль віры і віркі. Пташнікаў.
2. Прыстасаванне для звівання нітак. Часам мужчыны памагалі Ганне змотваць ручайкі. Тады ў хаце стаяў ціхі і аднастайны трэск вірка. С. Александровіч.