штурмава́цца, ‑муецца; незак.
Зал. да штурмаваць.
штурмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак., каго-што.
1. Рабіць, праводзіць штурм (у 1 знач.). Барашкін быў ва ўдарнай групе, і гэтая група першай штурмавала варожыя ўмацаванні. Савіцкі. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне; Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // перан. Праводзіць актыўныя, рашучыя дзеянні для авалодання чым‑н., асваення чаго‑н. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя дала ў рукі чалавека магутныя сілы: ён пранік у глыбіню атамнага ядра, пачаў штурмаваць касмічныя далі. «Звязда». Каб штурмаваць нямую вышыню, Бывае мала аднаго імкнення. Грачанікаў. // перан. Працаваць з празмерная паспешнасцю, каб нагнаць упушчанае. Не знае адпачынку, зморы Калгаснікаў ліхая раць, Калі з упартасцю, напорам Прарыў выходзім штурмаваць. Чарот. // перан. Актыўна паступаць, старанна, настойліва вывучаць з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Не шмат застаецца таварышаў-сведак, Што разам з табой [ветэран] стары свет штурмавалі. Чарнушэвіч. Вось ён, гулкі, шырокі ганак [школы], і дзве пары калон сасновых, хлопцы тут, пасля кніг-чытанак, штурмавалі навук асновы. Русецкі.
2. Разм. Асаджваць, акружаць каго‑, што‑н. бязладным, неарганізаваным натоўпам. Улетку мінулага года масквічы літаральна штурмавалі касу тэатра імя Вахтангава. «ЛіМ». Вялікі натоўп штурмаваў вагоны. Ус. // перан. Настойліва дабівацца чаго‑н. Радня Пахомава не траціць часу, Адміністрацыю саўгаса Штурмуюць грамадой на ўсе лады. Корбан.
3. Лятаючы на малой вышыні, бамбіць і расстрэльваць з самалёта сілы праціўніка. Прылятаюць яны [знішчальнікі] штурмаваць, Зніштажаць лютых ворагаў смела. Танк. [Пішчыкаў:] — Калі ляталі штурмаваць нямецкія аэрадромы? [Хукін:] — Летась вясною часта, ляталі на Бранск. Алешка.
штурмаві́к, ‑а, м.
1. Тып ваеннага самалёта, прызначаны для знішчэння сіл праціўніка з невялікай вышыні. Амаль датыкаючыся верхавін.. дрэў, зноў прайшлі штурмавікі. Шамякін.
2. Салдат, які ўдзельнічае ў штурме. Моўчкі слухаюць іх [цымбалы] мужыкі, Рукі зброю намацваюць самі. Пагражаюць штурмавікі Паіграць на цымбалах штыкамі. Куляшоў.
3. Член нацысцкай ваенізаванай арганізацыі ў фашысцкай Германіі. Пад грушай маладой Рыдлёўкамі капалі немцы дол. Збіраліся хаваць штурмавіка Вільгельма Фішара. Танк.
штурмавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да штурму (у 1 знач.), з’яўляецца штурмам. Вораг не вытрымаў штурмавой атакі. «Маладосць». Старэйшыя браты ўжо ад’язджалі На Днепрабуд, Магнітку і Кузбас. Лісты іх пра паходы штурмавыя Спакойна не давалі нам заснуць. Панчанка. // Звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем штурму, прызначаны для штурму; які складаецца з штурмавікоў (у 2 знач.). Былі такія хвіліны, што Мікіта Бранавец сам ішоў уперадзе штурмавых груп. Кулакоўскі. Зрэшты, і мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Брыль. // Прызначаны для штурму з паветра. Штурмавая авіяцыя.
шту́рман, ‑а, м.
1. Спецыяліст па ваджэнню ваенных надводных ці падводных караблёў і лятальных апаратаў. Штурман! Строга вытрымай кільватэр! Збочыш — міны ўдараць па бартах. Жычка. Маторы загулі на ўсю сваю моц, і самалёт рэзка пайшоў угору. Аб нечым перагаварваліся лётчык і штурман. Лынькоў.
2. У гандлёвым флоце — спецыяліст па ваджэнню судна і адначасова памочнік капітана.
[Гал. stuurman.]
шту́рманскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штурмана, належыць яму. Яўген з паказной абыякавасцю насунуў на вочы сваю шыкоўную штурманскую шапку з вялізным беласнежным верхам і жоўтым бліскучым крабам над казырком. Краўчанка.
шту́рманства, ‑а, н.
Занятак, пасада, абавязкі штурмана.
штурмаўшчы́на, ‑ы, ж.
Разм. пагард. Празмерна паспешлівая, тэрміновая праца з мэтай выправіць дапушчаныя хібы, нагнаць упушчанае і пад., якая праводзіцца ў выніку парушэння планавасці ў арганізацыі працэсу працы. Часта да д’ябла ляцела з цяжкасцю дасягнутая рытмічнасць і пачыналася штурмаўшчына. Карпаў. [Мікалай Назаравіч:] — Год пачаўся, а яшчэ ніхто не ведае добра, якія ж станкі і лініі будзе выпускаць завод. Хоць бы на першае паўгоддзе... Вось таму і штурмаўшчына часам. Мыслівец.
штурмо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. штурмаваць (у 3 знач.).
штуртра́п, ‑а, м.
Спец. Вяровачная лесвіца па карме судна.