разло́г, ‑у, м.
Абшар; адкрытая прастора. Бліскучым срэбрам выбіваліся рэчкі ў нізкіх берагах, раскрываліся шырокія разлогі балотных нізін, заросшых дзікаю травою, аерам і чаротам. Колас. Хутка абсыхалі пясчаныя разлогі паўз Прыпяць. Мележ. А там жа, на тых высокіх разлогах, сеяць ужо можна. Бялевіч.
разло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.
Разм. Тое, што і разлог. Адным крылом звярынец гэты Сюды выходзіў на дарогу. Займаў ён цэлую разлогу: І лес, і луг, і часць крыніцы. Колас.
разло́гі, ‑ая, ‑ае.
Шырокі, пакаты. На ўзбярэжжах, на разлогіх, чараты — куды ні глянь. Машара. Сэрца апалена болем, гатова даўно Выйсці насустрач вятрам на палетках разлогіх. Тарас. // Раскідзісты, разложысты. Разлогі дуб. □ Вось вялізны конь, запрэжаны ў разлогія санкі, паволі плыве па небе. Стаховіч.
разло́жаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разлажыць 1.
разло́жаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разлажыць 2.
разло́жны, ‑ая, ‑ае.
З разложыстай кронай. Паміж ліп разложных Прытуліўся дом убога. Колас.
разло́жысты, ‑ая, ‑ае.
1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.
2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.
3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.
разло́м, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разломваць — разламаць і стан паводле знач. дзеясл. разломвацца — разламацца. // Вынік гэтага дзеяння; разламанае месца. Лінія разлому. □ [Кандрат] абскроб бульбіну аж да ружовай лушпайкі, разламаў, — пара так і паваліла з сопкага разлому. Караткевіч.
2. перан. Парушэнне ўнутранага адзінства, цэльнасці ў свядомасці чалавека, у грамадскім жыцці. Мне здаецца, яны не страцілі і ніколі не страцяць сва[ёй] глыбокай цікавасці тыя таемныя, кожны раз новыя, своеасаблівыя шляхі, па якіх ідзе чалавек ад вузка асабістых сваіх разломаў да поўнага расчынення сябе ў калектыве. Зарэцкі. Разлом у .. душы [Вярсенева] пачаўся даўно: з паражэння царскай Расіі ў вайне з Японіяй. Сяргейчык.
разло́мванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разломваць — разламаць.
разло́мвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разламацца.
2. Разм. Моцна, нясцерпна балець (звычайна пра галаву). Мы пагулялі, пачаставаліся гэтак, што назаўтра ў мяне былі парожнія кішэні і галава разломвалася не толькі ад п’янкі, але і ад думак, як жыць далей. Сабаленка.
3. Зал. да разломваць.
разло́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да разламаць.
2. безас. Пра моцны боль у якой‑н. частцы цела. Круціла ў галаве, разломвала ад болю ўсю спіну. Дамашэвіч.