Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штуко́віна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і штука (у 3 знач.); незвычайная, складаная рэч. [Дымок:] — Талент дойліда, на жаль, цяпер рэдкая штуковіна, хоць мы не скупімся на такія эпітэты. Карпаў. На сцяне віселі тэрмометр, барометр і яшчэ нейкія штуковіны, якіх не ведаў Кастусь. Гаўрылкін.

штуко́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. штукаваць.

2. Р мн. ‑ковак. Заштукаванае месца.

шту́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Евангелічна-баптысцкая секта, якая ўзнікла ў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. // зб. Разм. Прыхільнікі, паслядоўнікі, члены такой секты; штундысты.

[Ад ням. Stunde.]

штунды́зм, ‑у, м.

Вучэнне, якое прапаведуе штундысцкая секта. Прыхільнікі штундызму.

штунды́ст, ‑а, М ‑спе, м.

Паслядоўнік штундызму; член, удзельнік штунды.

штунды́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да штундыст.

штунды́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штунды, штундыста. Штундысцкая секта.

штурва́л, ‑а, м.

Рулявое кола, паваротам якога кіруюць суднам, самалётам і інш. машынамі. Ля штурвала ў рубцы застыў рулявы. Даніленка. Бывала, у полі.. [Паходня] садзіўся на нейкі час за рычагі трактара ці штурвал камбайна. Хадкевіч.

[Гал. stuurwiel.]

штурва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да штурвала, які з’яўляецца штурвалам. Штурвальны трос. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак. // Які ажыццяўляецца з дапамогай штурвала. Штурвальнае кіраванне. // Прызначаны для штурвала; звязаны з месцам, дзе размешчаны штурвал. Штурвальная калонка. Штурвальная рубка. Штурвальны мосцік.

2. у знач. наз. штурва́льны, ‑ага, м. Асоба, якая кіруе штурвалам (судна, камбайна); рулявы (у 2 знач.). — Поўны наперад! — Ёсць поўны наперад! — чуецца голас штурвальнага. Бяганская. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў.. Амархан. Другі тыдзень ён працаваў памочнікам штурвальнага. Даніленка.

штурм, ‑у, м.

1. Рашучая, напорыстая атака ўмацавання, апорнага пункта праціўніка. Па ўсім было бачна, што фашысты рыхтуюць штурм крэпасці. Кухараў. Пры штурме варожых акопаў смерцю смелых загінуў.. камісар. Брыль. // перан. Рашучы наступ на што‑н. для авалодання, асваення. Ішлі вы [камсамольцы] з песняй, як разводдзе, На штурм скал і дзікіх гор. Колас. Савецкія людзі спакойна і ўпэўнена рыхтуюць новы штурм сусветнай прасторы. «Звязда». Язда дасветнаю парою спрошчана: Ні штурмаў у дзвярах, ні таўкатні. Калачынскі. // перан. Рашучы, напорысты, актыўны наступ з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Капіталізм быў знішчаны штурмам, напорам рэвалюцыйных мас. Пшыркоў.

2. Разм. Тое, што і штурмаўшчына. Народу завіхалася тут [на месцы аварыі] не шмат, і ніякіх прыкмет штурму Лесавец не заўважыў; работа як работа; няхай ноч, няхай сцюжа, кожны, хто быў тут, ведаў, што яму рабіць. Хадкевіч.

[Ням. Sturm.]