Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

варся́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Высокая травяністая расліна сямейства варсянкавых, суквецце якой выкарыстоўваецца пры варсаванні.

варся́нкавыя, ‑ых.

Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца варсянка, сівец, паўночнік і інш.

ва́рта ​1, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Група людзей, прызначаная ахоўваць каго‑, што‑н. На ўсіх дарогах, якія вялі ў атрад, была пастаўлена ўзмоцненая варта. Сіняўскі.

2. Вартаванне, абавязкі па ахове чаго‑н. Заступіць на варту. □ Набраў Іван цэлы жмут лучынак і пайшоў на варту. Якімовіч.

3. Месца, пункт вартавання; пост. Паставіць на варту.

•••

Ганаровая варта — воінскае падраздзяленне ці група асоб, выстраеныя для аддання пашаны (у гонар) каму‑н.

Быць (стаяць) на варце гл. быць.

Пасадзіць пад варту гл. пасадзіць.

Узяць пад варту гл. узяць.

ва́рта ​2, безас. у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, трэба; мае сэнс; карысна. [Няслаўскі:] — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць. Мурашка. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротныя.. Дуброўскі.

2. каму. Па заслугах, так і трэба. Варта.. [Свеце], няхай не скача, што каза. Пташнікаў.

3. з інф. У саставе складаных сказаў абазначае ўмову хуткага з’яўлення наступных падзей. Варта, затаіўшыся, пастаяць адну хвілінку, каб адчуць, якім поўным жыццём жыве зімовая пушча. Краўчанка. Гэтаму.. вобразу маё ўяўленне надавала розныя формы і змест, варта было толькі затрымацца на іх.. даўжэй. Колас.

•••

Гэта нікуды не варта; куды гэта варта — вельмі кепска; непрыстойна.

вартава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. вартаваць (у 1 знач.).

вартава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да вартаваць.

вартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Ахоўваць, сцерагчы каго‑, што‑н. Вартаваць грамадскае дабро. □ Вартуй свой край з усіх старон; Шануй, як скарб любімы. Глебка.

2. Падсцерагаць, чакаць з’яўлення каго‑, чаго‑н. Павярні ты направа, К гэтай сіняй вярбе: Прытаілася ў травах, Смерць вартуе цябе. Бялевіч. Рыбак не спіць, рыбак не дрэмле, А ўсё вартуе зручны час. Колас.

вартавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для варты. Вартавая вышка. Вартавыя пункты. □ Вартавы катэр увайшоў у бухту і кінуў якар. Хомчанка. // Звязаны з нясеннем варты. Вартавая служба.

2. у знач. наз. вартавы́, ‑ога, м. Той, хто стаіць на варце. Пры хаце застаўся адзін толькі вартавы, ён жа і перакладчык. Брыль. Патржанецкі прыйшоў у лагер ужо вечарам. Ніхто не сустрэў яго. Ніякіх застаў, ніякіх вартавых не было. Чарнышэвіч.

ва́ртасны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з вартасцю, грашовы. Вартасныя адносіны.

ва́ртасць, ‑і, ж.

1. Каштоўнасць, цана (пра грашовыя знакі, цэнныя паперы). Аблігацыя вартасцю ў дзесяць рублёў.

2. Кошт чаго‑н. у грашовых адзінках. Ацэначная камісія вокам прыкідвала вартасць пазвожанай маёмасці. Скрыган.

3. Спец. Грамадска неабходная праца, затрачаная на вытворчасць тавару і ўвасобленая ў гэтым тавары. Закон вартасці.

4. перан. Станоўчая якасць, важнасць; значэнне. Іншы раз здараецца, што недаацэнка або пераацэнка мастацкіх вартасцей твора вядзе да парушэння перспектывы літаратурнага працэсу. Шкраба. Вайны прайшоў я полымя і змрок. І мне вядома добра міру вартасць. Зарыцкі. // часцей мн. З’явы, прадметы, якія маюць вялікае значэнне. — Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых, — сказаў Турсевіч. Колас.

•••

Прыбавачная вартасць — частка вартасці тавару, якая ствараецца працай наёмных рабочых і прысвойваецца эксплуататарскімі класамі.

Спажывецкая вартасць — здольнасць тавару задавальняць якую‑н. патрэбу пакупніка.

вартаўні́к, ‑а, м.

Чалавек, які ахоўвае што‑н. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару, ды прыслухоўваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец.