Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

вальцо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае вальцовачныя машыны.

вальцо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да вальцоўшчык.

ва́льцы, ‑аў; адз. валец, ‑льца, м.

1. Прэс у выглядзе двух або некалькіх цыліндраў, валкоў або конусаў, якія верцяцца ў розных напрамках і служаць для пракаткі, драблення чаго‑н. Пракатныя вальцы. // Машына, асноўнай рабочай часткай якой з’яўляюцца такія вальцы.

2. Разм. Вальцовы млын.

[Ад ням. Walze — вал, цыліндр, каток.]

валэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Доўга важдацца з кім‑, чым‑н. [Юстын:] — Ну, сам падумай: толькі і ведай, што цягай з крыніцы ваду, ды з харчамі валэндайся. Стаховіч.

2. Хадзіць, пераходзіць з месца на месца без асаблівай патрэбы, прычыны; бадзяцца, валачыцца. [Антось:] — Запрагай, і каб мне.. тут ніхто лішні не валэндаўся. Бажко. Адны [людзі] працуюць, другія валэндаюцца па вуліцы без работы. Карпюк.

валюнтары́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычная плынь у філасофіі, якая аб’яўляе волю вышэйшым, творчым прынцыпам быцця, першаасновай усяго існага.

2. Прызнанне волі, а не розуму рашаючым фактарам псіхічнай дзейнасці чалавека.

[Ад лац. voluntarius — валявы.]

валюнтары́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік валюнтарызму.

валюнтарысты́чны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на валюнтарызме; уласцівы валюнтарызму. Валюнтарыстычныя тэорыі. Валюнтарыстычны светапогляд.

валюнтары́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы валюнтарысту.

валю́та ​1, ‑ы, ДМ ‑люце, ж.

1. Асноўная адзінка грашовай сістэмы якой‑н. краіны.

2. Тып грашовай сістэмы. Залатая валюта.

3. зб. Грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках. Замежная валюта.

[Іт. valuta — цана.]

валю́та ​2, ‑ы, ДМ ‑люце, ж.

Скульптурнае аздабленне ў выглядзе спіральнага завітка з кружком у цэнтры.

[Ад іт. voluta— завіток.]

валю́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да валюты ​1. Валютная палітыка. Валютны курс.