Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штоф 1, ‑а, м.

1. Старая руская мера вадкасцей (звычайна віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; вадкасць такога аб’ёму.

2. Шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, якая змяшчае такую колькасць вадкасці. Пан Даніла сустрэў яго [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.

[Ням. Stauf.]

штоф 2, ‑у, м.

Шчыльная, цяжкая шарсцяная або шаўковая тканіна з буйным тканым узорам, якая ідзе на абіўку мэблі, на парцьеры і пад.

[Ням. Stoff.]

што́фны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штофа ​1. Штофная бутля.

што́фны 2, ‑ая, ‑ае.

Выраблены са штофу ​2; абабіты, абцягнуты штофам. Штофная парцьера. Штофная канапа. Штофнае крэсла.

штохвілі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які бывае, адбываецца, праводзіцца і пад. кожную хвіліну. Штохвілінныя сігналы.

2. Пастаянны, бесперапынны; вельмі часты. Штохвілінная небяспека. □ Надакучвала.. [Багуцкаму] ўся гэтая нудная дыскусія, штохвілінная неабходнасць падладоювацца пад гэтага невука. Лынькоў.

штохвілі́ны, прысл.

Кожную хвіліну; вельмі часта. [Грышка] ўвесь час бег бягом, штохвіліны азіраючыся, каб за ім ніхто не гнаўся і не сачыў, куды і якой сцежкаю ён імчыцца... Чарот. Алег штохвіліны пазіраў на гадзіннік. Ярашэвіч. // З кожнай хвілінай; вельмі хутка. Вецер штохвіліны мацнеў. Пальчэўскі.

што-ко́лечы, чаго-колечы і пад. (гл. што ​1), займ. неазначальны.

Абл. Што-небудзь. [Лясніцкі] — Калі ж табе трэба будзе перадаць што-колечы тэрмінова, ідзі сюды і вось па гэтай прасецы — да сухога балота... Шамякін.

што-не́будзь, чаго-небудзь і пад. (гл. што ​1), займ. неазначальны.

Які‑н. прадмет, з’ява і пад. з шэрага падобных або ўсё роўна які прадмет, з’ява і пад. [Лена] заўсёды што-небудзь прывозіла .. [Андрэю] з дарогі. Скрыган. І вось, бывала, калі ён [Цімошка] гнаў каровак на пашу, то Кустрэй .. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас. [Гаспадар:] «Але і я не без галавы. Што-небудзь і я кумекаю. Не лыкам шыты». Мележ.

што́-нішто́, чаго-нічаго, чаму-нічаму, што-нішто, чым-нічым, аб чым-нічым, займ. неазначальны.

Разм. Нешта, сёе-тое. — Сустракаюся з людзьмі, якія, я так лічу, што-нішто ды разумеюць і ў тваіх аўтаматах. Шамякін. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка. Які ён ні ёсць конік, а свой, і палоска свая; дасі ім — і яны што-нішто дадуць табе! Мележ.

штраф, ‑у, м.

Грашовае спагнанне, якое накладваецца ў якасці пакарання ў адміністрацыйным ці судовым парадку. [Тхорык:] — Налажылі на мяне штраф, тады я пад’ехаў з канём і прывёз яшчэ тры плашкі. Усё роўна плаціць. Кулакоўскі. — Дзе я вазьму грошай на штраф. Ды за што штраф, калі я купляў білет. Адамчык. // Спагнанне, пакаранне за парушэнне правіл гульні, этыкету, амаральны ўчынак і пад.

[Ням. Strafe.]

штрафава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад штрафаваць.

штрафава́цца, ‑фуецца; незак.

Зал. да штрафаваць.