Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

укамплекто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да укамплектавацца.

2. Зал. да укамплектоўваць.

укамплекто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да укамплектаваць.

ука́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ука́паць.

укапа́ны і уко́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укапаць.

•••

Як (нібы, быццам) укапаны (укопаны) — зусім нерухома (стаць, спыніцца і пад.).

ука́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Ука́паць якой‑н. вадкасцю; зака́пацца. Укапацца чарнілам.

укапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

Капаючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. Укапацца ў снег. // Зрабіць для сябе глыбокія ўмацаванні ў зямлі. Ужо і так доўга .. [танкісты] топчуцца тут, упускаюць дзень за днём, даючы немцу час укапацца, сабрацца з сіламі. Мележ.

ука́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Запырскаць якой‑н. вадкасцю; зака́паць. Укапаць стол клеем.

укапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.

1. што. Замацаваць што‑н. у выкапанай яме, паглыбленні. Стары .. не перашкаджаў жончыным намерам укапаць слупкі і выкапаць ямы. Янкоўскі. Месца пад хату .. [Мітрафан] доўга не выбіраў. Агледзеў млынарышча .. І, каб не раздумваць, тут жа ўкапаў першую штандарыну. Ракітны.

2. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўскапаць што‑н. Зямля такая мёрзлая, што не ўкапаеш. □ Пачалі мы кусты на полі высякаць, карчаваць. А дзёран узяўся — не ўкапаць, не ўараць. Місько.

3. што і чаго. Разм. Накапа́ць, выкапаць невялікую колькасць чаго‑н. Застаўшыся зноў адзін, .. [Алесь] пакуль што нічога не робіць — не крышыць зелля свінням, не ідзе ўкапаць бульбы, а сядзіць у хаце. Брыль.

ука́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ука́пацца.

2. Зал. да укапваць.

ука́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ука́паць.

укаране́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пусціў глыбока карэнне.

2. перан. Які трывала замацаваўся дзе‑н., атрымаў шырокае распаўсюджанне (пра погляды, звычаі і пад.). Укаранелыя звычкі.

укаране́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. укараняць — укараніць і стан паводле знач. дзеясл. укараняцца — укараніцца. Укараненне перадавой тэхнікі.