Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., што.

1. Пераламаўшы ў некалькіх месцах, падзяліць на часткі, на кавалкі. У гэтай бойцы .. [певень] разламаў ляшчоткі. Амаль зрошчаная нага зноў матлялася. Пальчэўскі. А разломіш напалам, .. [печаная бульба], як пірог, — хрусткая, белая, так і просіцца ў рот. Гамолка.

2. Разбурыць, разваліць. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Ведаеце, з радасцю ... сам разламаў. Шамякін. Неяк напрадвесні Цялутка разламала загарадку, выбегла, падбрыкваючы, на двор. Лось.

разлапата́цца, ‑пачуся, ‑почашся, ‑почацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць моцна лапатаць (крыламі). Певень разлапатаўся.

2. Разм. Разгаварыўшыся, стаць лапатлівым, балбатлівым.

разла́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які раскінуўся шырока ў розныя бакі (пра дрэвы, галлё, карэнне). Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець, — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. У высокім разлапістым папаратніку, у малых ялінах яшчэ трымаўся туман. Федасеенка.

разлапушы́цца, ‑шыцца; зак.

Разм. Распусціцца, разгарнуцца, буйна, шырока разрасціся. І пайшла.. [кукуруза] ў рост, зашугала, разлапушылася. Бялевіч. Толькі кветкі ў вазонах на падаконніках і на табурэтках падраслі і разлапушыліся, некаторыя з іх цвілі, і тонкі водар поўніў паветра. Хадкевіч.

разлапушы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

Разм. Распусціць, разгарнуць. Цераз платы звісалі вяла фігі: Разлапушыўшы пухкія лісты, яны лавілі цень. Гаўрук.

разла́саваны, ‑ая, ‑ае.

Які разласаваўся, стаў вельмі ласы.

разла́савацца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.

Разм. Стаць вельмі ласым, адчуць яшчэ большае жаданне ласавацца. — Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! — прамовіў Мірон. — Разласаваўся, — усміхнуўся Віктар. — Не на кожным кроку гэта здараецца, браток ты мой. Маўр. // перан. Адчуць яшчэ большае жаданне да чаго‑н.; разахвоціцца. (Якім мацней прыціскае .. [Паўлінку] к сабе і хоча пацалаваць) .. [Паўлінка:] Ого! Разласаваўся!.. Купала.

разла́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

Разм. Узбудзіць, узмацніць у кім‑н. жаданне паласавацца, з’есці што‑н. смачнае. Разласаваць дзіця малінаю. // перан. Распаліць, узмацніць у кім‑н. жаданне, ахвоту да чаго‑н. Лёгкая пажыва разласавала яго.

разла́ты, ‑ая, ‑е.

Абл. Які расшыраецца кверху, шырокі ўверсе; разлапісты. Вось мы ўжо сядзім пад разлатай старою елкай. Пянкрат.

разлахма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑маціцца; зак.

Разм. Стаць лахматым. Валасы разлахмаціліся.