штоно́чы, прысл.
Тое, што і штоноч. Пахана, замест таго, каб спаць у хаце, сядзела штоночы ў млыне на мяшках. Чорны.
што́пар, ‑а, м.
1. Тонкі завостраны з аднаго канца шрубападобны металічны стрыжань з ручкай, які служыць для адкаркоўвання бутэлек. У траве пад акном .. [дзед] знайшоў складаны ножык на два лязы са штопарам і шылам. Курто.
2. У авіяцыі — адна з фігур вышэйшага пілатажу, сутнасць якой у зніжэнні самалёта па крутой спіралі. // Імклівае падзенне самалёта з вярчэннем яго вакол сваёй восі ў выніку няспраўнасці сістэмы кіравання. Вораг адсек хваставую апору.. Самалёт Аляксея ўвайшоў у штопар. «Звязда». // у знач. прысл. што́парам. Па спіралі (уніз), шрубападобна. Не паспеў .. [цецеравятнік] адляцець і дзесяці метраў, як пачуўся другі стрэл, пасля якога ястраб здрыгануўся, потым перакруціўся і штопарам пайшоў уніз. Ляўданскі.
[Ням. Stopper.]
што́парны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штопара, з’яўляецца штопарам. Штопарнае падзенне самалёта.
што́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Спускацца, падаць штопарам (у 2 знач.). Самалёт з енкам штопарыць да зямлі... Місько.
што́ра, ‑ы, ж.
Заслона на акно (радзей на дзверы), якую можна падымаць, апускаць або рассоўваць у бакі. Апусціць шторы. Рассунуць шторы. □ Адкінуўшы шчыльную жоўтую штору, маёр зірнуў у акно. Навуменка. [Пакой] злёгку зацяняўся прыапушчанымі шторамі. Ракітны. Ротмістр замкнуў стол і цвёрдаю, хуткаю хадою выйшаў з кабінета ў другія дзверы, завешаныя штораю. Колас.
[Фр. store.]
што́равы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шторы. Шторавы шнур.
штора́з, прысл.
Кожны раз. Колькі светлых пачуццяў падымаецца ў душы, калі чытаеш.. творы [Чорнага], штораз адкрываючы ў іх усё новыя скарбы. Вітка. [Міколка] ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынах і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: — Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Лынькоў. // З кожным разам, раз ад разу. — Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Колас. Чорны дым над полымем уздымаецца штораз вышэй. Брыль. // Вельмі часта; вельмі хутка. [Доктар] пацепваў высокімі пляч[а]мі, штораз папраўляў на носе акуляры. М. Стральцоў. Толькі сілы слабеюць штораз, Штохвіліны цяжэй усё дыша [конь]. Гэтак блізка жаданы папас, Але смерць за папас яшчэ бліжай. Глебка.
штора́ніцы, прысл.
Кожную раніцу, кожнай раніцай. Калісьці дзядзька Ціхон растлумачыў мне, што такі перапынак, такое агульнае маўчанне бывае ў птушак вясною штораніцы. Паслядовіч. [Мальвіна] з дзяўчатамі цягала да саду салому, сухі леташні бульбоўнік і штораніцы дымам абкурвала яблыні, каб не пашкодзіў мароз. Дуброўскі.
што́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Памянш.-ласк. да штора; невялікая штора. Жнівеньскі вецер варушыў зялёную шторку на адчыненым акне вагона. Савіцкі.
шторм, ‑у, м.
Моцны вецер, бура на моры, акіяне, вялікім возеры. Пурга ў паветры, Шторм на моры, А сэрца прагне цеплыні. А. Александровіч. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей: па ўсяму відаць было, што хутка пачнецца шторм. Кулакоўскі.
[Гал. storm.]